Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 22

Святлана Белая

І ў тым, што М. Багдановіч прысвяціў некалькі сваіх матэрыялаў музычнаму агляду, нічога дзіўчага няма.

Музыку ён любіў усёй душой, з дзяцінства ён трапіў пад уладу яе хараства. Добра спявала, іграла на фартэпіяна яго маці. У сваіх успамінах аб жонцы Адам Ягоравіч Багдановіч пісаў, што яна была надзвычай музычная, гадзінамі іграла Шапэна, Агінскага, Манюшку, Вярстоўскага. Пасля яе смерці ў ніжагародскіх, яраслаўскіх кватэрах музыка гучала ўсё роўна. Пласцінкі з запісамі вядомых оперных спевакоў Собінава, Шаляпіна, фартэпіянных п’ес, рускіх народных песень — з любоўю збіралі ў сям’і Багдановічаў. Выхаваны на лепшых узорах твораў рускіх і заходне-еўрапейскіх кампазітараў, М. Багдановіч добра разбіраўся ў музыцы, неблага ведаў творчую спадчыну многіх аўтараў. Аб гэтым гаворыць невялікая рэцэнзія на “Музыкальны слоўнік” Ю. Энгела. У ёй Багдановіч трапна заўважае некаторыя прабелы выдання. “Сярод твораў Балакірава не ўпамянуты яго сімфоніі”, прапушчан адзін з першых рускіх сімфанічных кампазітараў — Есаулаў”, “з малодшых “кучкістаў” ёсць Шчарбачоў, але няма Ладыжэнскага” (418). Прыкмеціць такія дэталі мог толькі чалавек, які ведаў гісторыю развіцця музычнага мастацтва. Гэта даказвае і другі яго артыкул: “Аб цікавым поглядзе п. Глебава”. У ім аўтар не толькі дае характарыстыку творчасці.Мусаргскага, па словах Багдановіча, кампазітара выключна вакальнага, але і даказвае, што ў музыцы ён рэаліст. У спрэчцы з Глебавым, які ў сваім артыкуле, змешчаным у № 203 у маскоўскім выданні “Музыка”, разважаў аб тым, што Мусаргскі мастак-рамантык, які прапаведуе натуралістычнае мастацтва, М. Багдановіч выказвае і свой погляд на рэалізм і рамантызм, гаворачы, што нават у найбольш характэрных рэалістаў ёсць рамантычныя элементы наватарства, галоўныя рысы сапраўднага мастака. (М. Багдановіч разглядаў яго ў гістарычным развіцці). “Паэт, кампазітар, жывапісец, скульптар — кожны з іх, будзь ён рамантыкам, рэалістам альбо сімвалістам, неабходна павінен здавальняць паказальным патрабаванням (ствараць з элементаў жыцця новыя, інтэнсіўныя, “штучныя”, дакладней, майстэрскія” перажыванні), інакш ён — не мастак”.

Багдановіч быў мастаком, і яшчэ, будучы крытыкам празаікаў, крытакам паэтаў, у душы заставаўся паэтам. У адным чарнавым накідзе мы знаходзім такое выказванне: “Галоўная розніца паэтычнага апісання ад празаічнага знаходзіцца ў сціснутасці думак. Сціснутасць зместу — вось галоўны бок паэтычнага апісання, каторым яно розніцца ад прозы... У гэтым жа і ляжыць галоўная цяжкасць паэзіі. Апісваючы, паэт скажа ўсяго некалькі слоў, але такіх, каторыя б цягнулі за сабой недасказанае і, зліўшыся з ім у адно цэлае, ясна ўставалі перад вачыма чытача”. І што характэрна, гэтая сціснутасць зместу пануе амаль у кожным яго крытычным артыкуле, рэцэнзіі. Усяго некалькімі радкамі, штрыхамі крытык дае трапную характарыстыку таму ці іншаму паэту або празаіку, малюе гістарычную карціну яго творчасці, заўсёды выдзяляючы галоўнае. Так, напрыклад, усю сутнасць паэта-селяніна С. Д. Дрожжына ён выдзеліў словамі: “гэта быў паэт, які не перарэзаў пупавін, што яднала яго з маці-прыродай”. І адразу нам становіцца зразумелым, чаму ў гэтага пісьменніка, адукаванага і таленавітага менавіта слабей выходзядь “агульналітаратураныя вершы”, чаму аснову зместу яго вершаў складаюць “спелыя каласы”, “глубокія барозны”, сельскія краявіды, смутак і радасці сялянскага жыцця.