Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 55
Юры Станкевіч
— Слухай, — сказаў ён.— Ты малады яшчэ, працуеш добра, нічога не скажу. Ну і працуй. 3 часам пасаду зоймеш. Навошта табе ўсё гэта? Мы раённая газета, у нас іншыя задачы. Я лічу: не варта завастраць увагу на хворых, на ўбогіх. У нас жа шмат станоўчага, у нас ёсць аб чым пісаць. А за газету хто адказвае, ты? Не, я. Зноў жа на камандзіровачныя ліміт.
У сваім кабінеце малады Макарэвіч сеў за стол, задумаўся. Дождж барабаніў у падваконне. Кусава ўжо не было. Дзверы прыадчынілі і зачынілі зноў. Яшчэ не тапілі, і ў пакоі было холадна. «Холадна ў доме маім», — падумаў ён словамі з песні вядомай рок-спявачкі. Але ж холад, адзіноцтва — той самы хлеб, які ўзгадоўвае перамогу.
Бліснула на даляглядзе бязгучная веснавая маланка, грому ён так і не дачакаўся, пасмы густых хмар ляцелі па небе. Макарэвіч дастаў чысты ліст паперы і напісаў на ім: «Заява. Прашу звольніць мяне па асабістаму жаданню ў сувязі з рознымі поглядамі на творчы працэс». Потым падумаў яшчэ і дадаў: «і ў сувязі з пераездам у Парыж». Макарэвіч усміхнуўся, паставіў дату і распісаўся, пасля занёс рэдактару і, не чакаючы пытанняў, выйшаў.
Сонца яшчэ не зайшло, а ў скверы ўжо імкліва сутонела. Дождж сціх. На захадзе неба было чырвонае. Потым па гэтаму небу праляцеў самалёт.
Пад сасной чамусьці натапталі, валяліся недакуркі, пакамячаныя газеты, а ўбаку, дзе на зямлі прабівалася кволая зеляніна, ляжала бела-чырвоная птушка шчур. Макарэвіч нахіліўся і падняў яе. Птушка была ўжо халодная і зусім лёгкая. 3 пер’яў на далонь выкаціўся патрончык ад пнеўматычнай вінтоўкі, потым другі. У птушкі было выбіта вока. Малады Макарэвіч узняў галаву і доўга ўглядаўся ў верхавіну сасны, нават пастукаў па ствале чаравікам, нібы спадзеючыся, што зверху выпырхне новая птушка, што там нехта ёсць, але ніхто не вылецеў, і тады ён паклаў птушку ў кішэню плашча і рушыў прэч.
У мясцовы рэстаран па буднях пускалі свабодна. Тут сядзелі ўжо некалькі выпівакаў, бадзяўся коратка стрыжаны дзяцюк з наколкамі на руках. Твар у яго быў звычайны, але па-дзіцячаму пульхныя вусны нечакана выяўлялі прыхаваную жорсткасць. Афіцыянтка ўсё круцілася вакол аднаго з заўсёднікаў — Макарэвіч ведаў яго — мясцовага карцёжніка: мужчыну гадоў трыццаці з вачыма, якія амаль сыходзіліся на перамычцы носа. Рукі ў яго былі белыя, жаноцкія, з даўгімі пальцамі. Карцёжнік быў не адзін: побач з ім сядзела маладая дзяўчына.
Макарэвіч выпіў гарэлкі і змусіў пераканаць сябе, што нельга ненавідзець людзей, а трэба ненавідзець іх недахопы. Потым ён разлічыўся, прыхапіў з сабой бутэльку сухога віна і спусціўся ў гардэроб.
Гнуткая бландзінка з вялікімі падфарбаванымі вачыма, нечым узрушаная, спытала, ці не правядзе яе Макарэвіч дадому, бо наверсе ўвесь час чапляецца нейкі крымінальнік, няйнакш, і яна Ўцякла сюды, каб пазбавіцца ад яго. У бландзінцы Макарэвіч пазнаў прадаўшчыцу з прамтаварнага павільёнчыка. Яна яму спадабалася.