Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 41
Юры Станкевіч
— Салодка спяваеш, ды морда злая! — зазначыў перакладчык. Ён яўна пераймаў капітана. Апошнія словы былі для ўсіх і прагучалі па-французску.
— Так, — пацвердзіў капітан. — Там, дзе я нарадзіўся, гаварылі: дробнай рыбіне не варта гуляць з вялікімі — гэта небяспечна. Хап — і няма яе! А калі і была, дык хто дакажа?
За дзвярыма зазвінеў бляшаны посуд, на падлогу зваліўся квасны карэц — дзверы расчыніліся, і на парозе заззяў радасны твар хударлявага ад’ютанта па спецыяльных даручэннях.
— Ха-ха-ха! Рускія клюнулі! — рагатаў ён. — Усё-такі клюнулі, мой капітан! Яны адыходзяць: іх вогнішчы тухнуць… Берцье пра ўсё далажыў імператару.
— Ага! Я так і ведаў! — падхапіўся з лаўкі капітан. — Вось цяпер мы ім пакажам, дзе сапраўдная пераправа, возьмем рэванш за адступленне. Мая місія скончана, — кіўнуў ён ад’ютанту, звярнуўся да перакладчыка: — Што там?
— Нічога цікавага, — па-французску адказаў той. — Пэўна, селянін з мясцовых. — Ён пераказаў змест допыту.
— Бандыт, — раўнадушна падагульніў капітан. — Расстраляць! Эй! — гукнуў салдатам. — Выконвайце!
Інтэндант уважліва разглядаў затрыманага. Ён успомніў, што рэкруты-ліцвіны з мясцовай губерні паказалі сябе мужнымі салдатамі пад Барадзіно. «Гэтым варварам усё роўна — што жыццё, што смерць», — сказаў тады нехта ў штабе Дару. «Такімі і павінны быць сапраўдныя салдаты, — буркнуў на тое маршал. — Армія існуе, каб загінуць».
— Пачакайце, Жэрар, — звярнуўся ён да капітана. — Не забівайце яго, адмяніце загад. Гонару ні вам, ні імператару — забіць чалавека без зброі. Эй вы, хвіліну!
— Дарагі Анры, я выконваю загад.
— Лухта, капітан.
— Гэта лазутчык! — капітан п’яна тыцнуў пальцам у палоннага. — У мяне нюх, як у сабакі. Спудлаваць у апошні момант — не!
— Адмяніце загад! — раптам устаў з лаўкі інтэндант.
— Цьфу, — плюнуў той. — Я магу расстраляць і вас, нягледзячы на вашы паперы! Не суньцеся не ў сваю справу!
Падрапаны твар інтэнданта пайшоў плямамі.
— Маўчаць! — зароў ён. Рука ўжо цягнула нечы палаш. — Маўчаць, альбо я вас выклікаю!
Капітан ускочыў з лаўкі, п’яна пахіснуўся, пацягнуўся да зброі.
— Казакі! — закрычалі за дзвярыма.
Пачуліся стрэлы, дзынкнула, рассыпалася шыба. Усе, адпіхваючы адзін аднаго, пачалі выскокваць з хаты.
З лесу лавай выскачылі коннікі, з віскам рынулі на салдат, на вогнішчы. Лаянка, крыкі, стрэлы — усё злілося ў гвалт і лямант.
«Калмыкі», — вызначыў інтэндант. Ён ведаў, што яны не асноўныя сілы конніцы рускіх, а невялікія атрады, якія сноўдалі па тылах, наводзячы паніку. «Але ж, калі прарвуцца, пасякуць шаблямі», — падумаў ён, выцягнуў з сакваяжа пісталеты, узвёў куркі.
Апошні час вопытныя ў такіх справах салдаты хутка, як заўсёды ў хвіліны небяспекі, занялі абарону. Пярэднія ўкленчылі, выставілі штыкі. Заднія пачалі бязладна страляць з ружжаў. Конныя рассыпаліся па баках, некалькі звалілася. Інтэндант чакаў з пісталетам напагатове. Раптам трохвуголка зляцела з галавы. Стралялі па ім. «Што такое? — мільганула думка. — Чаму ззаду?» Усё навокал мітусілася, мільгацела, нібы ў патрывожаным асіным гняздзе. Калмыкі зніклі раптоўна, як і з’явіліся. Ён падняў трохвуголку, разгледзеў дзірку. Нападалі з лесу, чаму ж стралялі ззаду?