Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 39

Юры Станкевіч

— Проста Анры, — усміхнуўся ў адказ інтэндант. — А вы адкуль, капітан!

— З Брэтані.

— Будзем знаёмы, — інтэндант працягнуў па чарзе кожнаму руку.

Афіцэры назвалі сябе. Адзін з іх гаварыў па-французску з акцэнтам. «Найміт», — вызначыў інтэндант.

— У месцы размяшчэння арміі могуць знаходзіцца рускія лазутчыкі, — растлумачыў капітан. — Магчыма, заўтра тут пачнецца пераправа. А магчыма, і не. Рускія пакуль што не павінны нічога ведаць. Геній імператара вызваліць нас з гэтых балот, але ж і мы мусім выканаць свой абавязак.

— Усё так складана? — спытаў інтэндант. Ён адхіліў прапанаванае яму віно.

— Самі бачыце. Рускія заціснулі нас з трох бакоў, але ж маршал Удзіно прыдумаў хітрасць, — капітан прыжмурыў вочы. — За гэтым, як яго — Барысавам, — ён старанна выгаварыў назву незнаёмага горада, — унізе па рэчцы будуецца яшчэ адна пераправа. Якая з іх сапраўдная — ведаюць нямногія, ну і я ў тым ліку. Маскавіты павінны заглынуць прынаду. Мы ж тым часам палюем тут розных падазроных. На ўсялякі выпадак. Бо вопытны разведчык адразу зразумее, якая будуецца пераправа — сапраўдная ці не.

— I многа напалявалі? — спытаў інтэндант.

— Пэўна ж, убачылі там, за хатай. Не гаварыце пра іх нікому, Анры! — капітан жартоўна пагразіў пальцам. — Але вас нічым не зацікавіш, месье інтэндант?

— Не вельмі, — згадзіўся той. — Там, за хатай, што — усе шпіёны?

— А хто дакажа мне, што вось ён не шпіён? — пытаннем адказаў капітан і кіўнуў на салдата-дзеншчыка. — Ці, напрыклад, вы? — ён хіхікнуў ад свайго жарту. — Але ж вашу асобу пацвярджае маршал, а яго я ведаю даўно (ён зноў кіўнуў на дзеншчыка, які слухаў яго ненатуральна ўважліва, аж вырачыў вочы). Ну, а тых, за хатай, ніхто не ведае. Лазутчыкі, вядома, не бяруць з сабой ніякіх дакументаў.

— Вось як? — нібы сумняваючыся, здзівіўся інтэндант. — А мне здалося, што тут усё ціха.

— Памылка тылавікоў — лічыць, што ў іх ціха, — улез у гутарку лейтэнант з вуграватым, у невялікіх скулах тварам. — А тут можна застацца і назаўсёды. Казакі насядаюць на плечы.

— Маўчы, Шарль, — сказаў капітан. — Не трэба пужаць госця.

Інтэндант абыякава праглынуў кепік. Ён стомлена прыслухоўваўся да гаворкі, да крыкаў, шуму звонку. На выгляд яму можна было даць і пад сорак, хаця на самай справе не было і трыццаці. Ладная галава, шырока расстаўленыя вочы. Пачырванелыя на марозе шчокі ўсе ў драпінах, але паголеныя. Амаль не прыслухоўваючыся да гаворкі, ён задумаўся аб нечым сваім.

Рускі паход, які маляваўся спачатку прывабным праменадам, вылазіў бокам. Ззаду засталася спаленая Масква, наперадзе — невядомае. Hi хвіліны спакою: падавай звесткі аб пудах мукі, сена, аўса, хлеба, солі… Тыл стаў небяспечны — трывожаць казакі, мясцовыя ліцвіны паляць сена, забіраюць фуражыраў і маркітантаў. Няма дзе памыцца, адпачыць… Вайна. Салдаты пачалі ператварацца ў марадзёраў, забойцаў. I бруд, паўсюдна бруд, нечыстоты. Тое, што хавалася ў людзях глыбока на дне душы, цяпер кіруе іх учынкамі.

Пасля Барадзіно ён лічыў, што бачыў у жыцці ўсё. Досыць. Вайна не для яго. Адзінае, што цікавіць яго далей, — ён сам. Інакшы ён ці такі, як усе?