Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 40
Юры Станкевіч
— Я інакшы, — прамармытаў ён.
— Крыху гучней, — нагнуўся да яго хтосьці з афіцэраў.
— Так, нічога, — ён расплюшчыў вочы і зразумеў, што апошнія словы сказаў уголас. Яго шырокі твар перасмыкнуўся. «Толькі не хапала адкрыць усім гэтым спрытнюгам свае думкі».
Раптам пачуліся невыразныя крыкі, бразнулі дзверы, падзьмула холадам. У хату нязграбна ўваліўся капрал у падраным мундзіры пад такім жа заношаным шынялём, але ў новых ботах.
— Спаймалі яшчэ аднаго, — далажыў ён.
— Хто такі? Дзе? — прыўзняўся капітан.
— Хаваўся ў лесе, — глытаючы словы, пачаў капрал. — Салдаты хацелі забіць, але ж ваш загад — спачатку ўсіх весці сюды. Я не даў.
— Дарэмна не даў, — раптам пазяхнуў капітан. — Бадай, цяпер можна і не весці.
Ён выцягнуў з кішэні гадзіннік, зірнуў на яго і ўталопіўся ў дзверы.
У хату ўцягвалі высокага дужага селяніна з сухім, гожым тварам, у кашулі, портках, лапцях.
— А дзе яго вопратка? — здзівіўся капітан. — Так і хаваўся голы? Дзе яго футра?
Капрал і салдаты сумеліся, глядзелі адзін на аднаго, нібы не разумелі, пра што ў іх пытае капітан. Кажух і ўсё цёплае яны даўно падзялілі.
— Падлаеды! — вылаяўся капітан. — Прэч адсюль, а яго пакіньце!
Селянін сутаргава пацёр далоні і агледзеў усіх у хаце. З-пад светлых пасмаў насцярожана бліснулі вочы.
— Як ты мяркуеш, гэты ліцвін лазутчык ці не? — звярнуўся капітан да найміта. — А можа, ён не ліцвін? Спытай у яго. Папрактыкуйся, бо ў цябе апошні выпадак. Я чакаю важную вестку, — капітан пачынаў відавочна пасміхацца. Востранькі тварык найміта-перакладчыка, які, пэўна, не разумеў жартаў, наадварот, быў сур’ёзны і паважны.
— Тутэйшы? — спытаў найміт па-мясцоваму.
— Адсюль, — расцяў вусны селянін. — З гэтай вёскі, пан афіцэр.
— Як назва вёскі?
— Студзёнка, пан афіцэр.
— Чаму ты адзін, дзе астатнія жыхары?
— Паўцякалі, мяркую.
— Ты яшчэ мяркуеш, быдла! — незалюбіў перакладчык. — Скажы праўду: цябе сюды нехта прыслаў? Што ты павінен тут выведаць?
— Я сам прыйшоў.
— А навошта, калі ўсе ўцяклі? Чаму адзін ты вярнуўся?
— Хату разбурылі. Хацеў паглядзець.
Усе, у тым ліку і інтэндант, прыслухоўваліся да незнаёмай гаворкі. Капітан наліў сабе віна, спытаў:
— Ну, што ён?
— Як тая каза, — сказаў перакладчык.
— Чаму — каза? — спытаў лейтэнант, якога звалі Шарлем.
— Калі казу нешта напужае, — засмяяўся перакладчык, — яна заўсёды вяртаецца, каб паглядзець, што гэта было. Так і ён.
— Лухта, — сказаў капітан, — жаночая ж звычка. А вось вопратку яго не пашкодзіла б праверыць дасканала. Мо які знак зашыты. Але ж дзе яе зараз шукаць, тую вопратку? Мусіць, капрал прадаў яе.
— Дык нічога не ведаеш? — спытаў перакладчык.
— Не ведаю, пан афіцэр.
— Не ведаючы шкодзіць — на гэта ўся ваша хеўра здатная.
— Што такое хеўра? — схамянуўся капітан.
Перакладчык тузануў галавой, але потым зноў уталопіўся вачамі ў твар палоннага.
— Адпусціце! — з пачуццём уласнай годнасці сказаў селянін.
— Спачатку ўсё раскажаш. А калі запамятаваў што-небудзь, мы табе пяткі галавешкай падагрэем.
— Пан афіцэр не зробіць такое.