Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 37

Юры Станкевіч

— Вам прыгод мала?

— Пакіньце яго!

— Не, — сказаў велікароты. — Ён нас усіх абразіў.— Няхай на ланцугу паскача!

Мастака пацягнулі да аўтобуса. Канец ланцуга прывязалі да фаркопа, а рукі сцягнулі ззаду вяроўкай.

— Завадзі! — велікароты махнуў рукой.

— Я на волі не занудзіўся, — сказаў Пеця. — Не хачу з вамі за краты.

— Змоўкні ты, гнілы! — накінуўся на яго велікароты. — А то і цябе на ланцуг, разам пойдзеце! А я машыну павяду, ды не на першай перадачы, а на трэцяй. Пабегаеш, сука!

Пеця прыкметна разгубіўся.

— Што вы надумалі? — спытаў трывожна жаніх. — Якія гэта жарты — чалавека на ланцугу цягаць?

Але яго ўжо вялі ў аўтобус, паляпвалі па плячах, угаворвалі не хвалявацца.

— Няхай ахалодзіцца крыху, — падтрымаў велікаротага сват. — Правязём крыху, як сабаку, каб не абражаў вяселле, а потым адпусцім.

— Паехалі!

Яны паўскоквалі ў машыну. Панура палез туды і Пеця. Дзверы зачыніліся. Аўтобус крануўся з месца, і Мастак адчуў, як рыўком яго тарганула ўперад, ланцуг нацягнуўся, і ён міжволі ступіў услед. Прама перад сабой, за шклом, ён убачыў усмешлівыя твары, і дзяўчаты таксама смяяліся і глядзелі на яго. Яны там нешта казалі адзін аднаму, але ён не мог чуць.

Пачынаўся дождж са снегам, раптоўна знікаў, і неба ачышчалася ад хмар, але набягалі новыя, і зноў твар яму асыпала дробнай імжой. Напаўпусты рукзак з’ехаў са спіны і біў па нагах. Мастак уявіў, што, пэўна, мае дзікі і недарэчны выгляд са звязанымі рукамі, на ланцугу і рукзак зваліўся з плеч. Але ж ён зрабіў усё, што мог, і не яго віна ў тым зневажальным становішчы, у якім ён зараз апынуўся. Не, не яго.

З асветленага аўтобуса нехта ўключыў ліхтарык і накіраваў на яго. Усе яны там, за шклом, здаваліся Мастаку бязглуздымі рыбамі ў акварыуме. Аброжак сціскаў яму шыю, але дыхаць ён мог. Вось толькі каб яны сапраўды не прыбавілі ў хуткасці, бо яго пацягне волакам.

Ён стараўся думаць аб іншым. Аб тым, напрыклад, ці такія ўжо бязглуздыя рыбы? Ці можа быць бязглузды кіт, які хаця і не рыба, а плавае дзе-небудзь у далёкім акіяне? А коршак у небе ці крот у зямлі? Дзерсу казаў на жывёл: людзі. Так, яны таксама народы, якія па трагічнай выпадковасці трапілі разам з намі ў нерат жыцця, зямных пакутаў, у нерат часу.

З-за шкла на яго больш ніхто не глядзеў. Аўтобус пайшоў хутчэй, там зноў уключылі магнітафон, і яму нагадалася, што пра яго ўвогуле забыліся. Мастак падумаў, што калі б ён здолеў вызваліць рукі, то лёгка расшпіліў бы і ашыйнік, але яго звязалі грунтоўна, а рук ён ужо амаль і не адчуваў. Вось каб ланцуг аказаўся стары, то ён мог бы і парвацца.

Ён раптам успомніў бацьку, які памёр у далёкім дзяцінстве, і як яны ішлі аднойчы летам да цягніка і ён усё енчыў: «Хачу піць». Бацька падвёў яго да студні і апусціў вядро, але, калі стаў падымаць, ланцуг нечакана парваўся. І тады бацька сказаў яму, што ніводны ланцуг не бывае мацнейшы за самае слабае сваё звяно. Толькі пасля Мастак зразумеў сэнс яго слоў, якія ўспомніў цяпер.

Яго ўжо цягнулі волакам, і ён задыхаўся. Некалькі разоў ён крыкнуў, але яго не чулі. Дым з выхлапной трубы трапляў яму ў твар, кроў штуршкамі біла ў скроні. Яго нудзіла. Часам на тым кавалку неба, якое скакала перад вачыма, ён бачыў буйную, самотную зорку, і яна таксама скакала ў далёкай вышыні і, здавалася, рабілася ўсё больш яркая, і хмары адступалі перад ёй, пакуль не адышлі зусім.