Читать «Луп. Апавяданні» онлайн - страница 25

Юры Станкевіч

Карнюшка, між тым, думаў, як яму лічыць дзень, праведзены на птушыным рынку: удалым ці не? Непрададзены Луп прынёс яму амаль шэсцьдзесят рублёў, часу яшчэ хапала, каб да цемнаты вярнуцца дамоў, а калі Рыгор пад’едзе, як і абяцаў, а шаснаццатай гадзіне, то можна будзе забегчы ў краму і купіць тое-сёе. Значыць, меркаваў ён, усё не так ужо і дрэнна. Дзе які дурань згубіць, там ён, Карнюшка, знойдзе. А тое, што нагаварылі яму ўсякія дзівакі тут, на рынку, дык гэта ўсё лухта. Калі б ён жыў па-іхняму, дык даўно з торбай у свет пайшоў. Яны людзі вучоныя, у жыцці ўладкаваныя, а яму ў рот ніхто не пакладзе.

Ён праглынуў апошні кавалак, запіў малаком з бутэлькі, пералічыў і паклаў у пулярэс грошы і адчуў сябе зусім няблага. Карнюшка зноў агледзеў Лупа, парадзелы натоўп і зразумеў, што наўрад ці хто і купіў бы ў яго ваўка, што ўвогуле яго задума на мяжы глупства і, бадай, прыйдзецца вяртацца з ім назад, а ў лесе выпусціць на волю. Вось толькі выпусціць ці не? — упершыню з’явілася акрэсленая думка. А калі адвезці дамоў, ды ўсё-такі здаць у райзаг, яшчэ сто рублёў атрымаць? Прыстрэліць, вядома, спачатку, бо не павядзеш жа на ланцугу. Засмяюць потым. А што слова даў, дык гэта ж смеху варта: што ён, піянер? І што такое ўвогуле слова? Гук — не больш.

Малады хлопец, якога тут назвалі Шахоцькам, зноў падышоў да яго.

— А ты, дзядзька, зух. Хочаш яшчэ зарабіць?

Карнюшка недаверліва засоп.

— Як?

— Вось табе прэзент, — Шахоцька выцягнуў з кішэні і пакруціў Акцёравым гадзіннікам у яго пад носам. — Мне воўк, табе гадзіннік. Згода?

Луп адразу захваляваўся. Поўсць на спіне ўзнялася, вочы бліснулі. Ён моўчкі скокнуў, але ланцуг паваліў яго назад, на спіну, але ён зноў кінуўся, і зноў ланцуг спыніў яго.

— Адыдзі, нешта ён цябе не выносіць, — сказаў Карнюшка.

— Прадасі, не?

Карнюшка азірнуўся навокал, набраў у грудзі паветра і рашыўся.

— Давай пяцьдзесят рублёў і забірай.

— Нахабнік ты, дзядзька. А хто слова даў, што ў лесе ваўка свайго выпусціць, хто дармовыя грошы атрымаў?

— І яшчэ атрымаю.

— Ёлуп ты, дзядзька. Чацвяртны даю.

— Пяцьдзесят, — несла Карнюшку. — А не хочаш, не чапіся. Мне толькі за яго шкуру сто рублёў дадуць.

— Ну, то глядзі.

Шахоцька адышоў убок. Ён быў не з тых, хто лёгка адракаецца ад сваіх задумак, і таму, памеркаваўшы, стаў на пустую скрыню і абвёў рынак вачыма. За гандлёвымі радамі ён убачыў таго, каго меўся ўбачыць, — чалавека ў міліцэйскай форме. Шахоцька злез са скрыні і рушыў да яго.

— Участковы Мень, — прадставіўся малады круглатвары сяржант, калі Шахоцька крануў яго за плячо. Ён нават узняў руку да фуражкі.