Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 82

Раіса Баравікова

4

Я вельмі добра помню той момант, калі доктар Савіч аддаваў мне белы аркуш паперы, на якім былі запісаны думкі бульбінак Адрэты і Скарба. Ён нават працытаваў радок нейкага невядомага мне філосафа: «Усё, што мае прагу да жыцця, — дыхае і мысліць»! І я адразу ж увесь затрапятаў: дослед удаўся! Тут жа хутка пачаў чытаць тое, што было напісана на аркушы.

Адрэта

Як цяжка, як цяжка мне падумаць, што ўжо ніколі не вярнуся ў свой кош... І ўжо ніколі, ніколі не стану Князёўнай бульбянога палетка! А як мне хацелася выйсці на подыум у найлепшай з найлепшых сукенак, у туфліках на тонкіх абцасах! Мой мілы Скарб! Мілы Скарб! Я ўжо ўяўляла цябе ў строгім чорным гарнітуры ў агромністай зале і гукала да сябе, на подыум. Але гэта ўсё засталося толькі ў маіх думках, як і тое, што сказала сваёй бабулі бульбіна Санта, калі пачула, што дзяўчынка бярэ нас на конкурс. Ты, вядома ж, гэтага не чуў, а я пачула. Яна сказала: «Бабулечка, фу-у, якая несправядлівасць! Гэтую задаваку Адрэту бяруць на конкурс! А ў тваім жа дупле, якое пратачыў чарвяк Драцянік, затаіўся Каларадскі жук. Выгані яго з дупла, бабулечка! Хай ён накінецца на Адрэту, хай сапсуе ёй твар! І тады... Тады, хто ж возьме на конкурс пагрызеную бульбіну?!»

О-о, мой дарагі Скарб, як жа я ўся затрапятала пасля гэтых слоў зайздросніцы Санты! Але тут... Тут дзяўчынка вырашыла аддаць нас свайму дзядзьку, каб ён пасадзіў нас на нейкім палетку на Цэнтаўры, куды мы цяпер ляцім. Мне страшна, Скарб, вельмі страшна. Мы, напэўна, — першыя бульбінкі, якіх людзі вывезлі за межы Зямлі, і што з намі будзе на той невядомай планеце? Нас ужо ледзь не пакінулі ў нейкім жудасным месцы, дзе астранаўты не схацелі доўга затрымлівацца.

Скарб, мілы Скарб, я так часта ўяўляю сваю баразну, дзе ўпершыню пабачыла сонца і ўвесь навакольны зямны свет. А яшчэ я пабачыла там цябе... Ты ляжаў у суседняй баразне і, напэўна, мяне не заўважаў, ад чаго мне рабілася вельмі сумна. І як жа я ўзрадавалася, калі мы трапілі ў адзін мех, а потым і ў адзін кош! А яшчэ мы маглі быць побач на подыуме, дзе я была б самай прыгожай з усіх бульбінак! У мяне зараз пацякуць слёзы, і я не хачу, каб ты іх бачыў. Навошта, навошта нас узялі ў гэтае доўгае трывожнае падарожжа?! Але гэта ўсё толькі мае думкі, таму што, калі мы зноў апынёмся ў чорнай шкляной скрынцы ў сваім адсеку, на тваё такое частае пытанне: «Ну, як табе, Адрэтачка, падабаюцца гэтыя прыгоды?» я, вядома ж, адкажу: «Усё надзвычай цікава, мой цудоўны Скарб! Вельмі цікава. Асабліва, калі дзядзька Сымон з доктарам Савічам пачынаюць весці свае доўгія размовы пра Сусвет. Мы ўжо столькі часу ляцім у ім! Напэўна, Цэнтаўра зусім блізка, і вялікая боязь ахоплівае мяне. Скажы, мілы Скарб, што ты заўсёды будзеш са мною побач. Я хачу, каб ты гэта паабяцаў мне, каб пакляўся нашым бульбяным палеткам».

Скарб

Напэўна, я не знаходжу патрэбных слоў, каб супакоіць Адрэту. Яна аказалася такой палахліўкай і так часта згадвае пра наш кош! А мне ў тым кашы было цесна, няўтульна і змрочна. З якой цікавасцю я пазіраў на Поўню, якая з'яўлялася ноччу ў акне, і пачынаў ненавідзець свой кош! Я нават не ўзрадаваўся таму, што дзяўчынка бярэ нас на конкурс. Гэта такая дробязь для сапраўднай бульбінкі! Іншая справа, Адрэта... Ёй хацелася пабачыць сябе ў бліскучай сукенцы, і хіба можна за гэта дакараць такую мілую бульбінку! Ды я і не дакараю... Я... Я... Захапляюся Адрэтай і баюся ёй у гэтым прызнацца. І зусім не ўмею яе суцешыць. А як мне хочацца ёй сказаць: «Мая чароўная Адрэта, ты нічога, нічога не бойся. Дзяўчынка хацела ўзяць нас на конкурс, каб там захапляліся намі. Дык, магчыма, мы выклічам у некага захапленне і на Цэнтаўры, куды цяпер ляцім! І не проста выклічам захапленне, а і зможам там даць пачатак свайму роду, будзем заўсёды, заўсёды побач. Там будзе ў нас цэнтаўравая баразна, дзе мы, любуючыся маленькімі адрэткамі, ласкавым шэптам раскажам ім пра баразну зямную, і пра зямны наш палетак, і пра наш кош, і нават пра тое, як зямная дзяўчынка Каця хацела ўзяць нас на конкурс».