Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 80

Раіса Баравікова

— Ды кіньце вы гэты гальштук! — сказала яна. — Ужо ўсё даўно астыла. У нас сёння не ўрачыстасць, а развітальная вячэра. Можна сесці за стол і без гальштука!

— Добра, ужо ідзём, — сказаў брат.

І тут са свайго пакоя з'явілася мая васьмігадовая пляменніца Каця. Яна ўзяла мяне за руку і стала цягнуць за сабою.

— За стол паспееце сесці, — зашчабятала яна. — Спачатку зойдзем на кухню. Там у мяне дзве бульбіны: Адрэта і Скарб. Я іх адабрала для паказу на конкурсе гародніны, а цяпер вырашыла, што трэба іх аддаць табе, дзядзечка Сымон. Возьмеш іх з сабою на Цэнтаўру. Яны там будуць частачкай зямнога жыцця...

І мы пайшлі з ёю на кухню. Там Каця дастала з каша, сплеценага з лазовых дубчыкаў, тыя дзве бульбіны, пра якія казала, і я не стрымаў свайго здзіўлення:

— Ого-о, якія гіганты! На конкурсе гародніны за табою было б першае месца!

У гэты момант падлога на кухні загайдалася, быццам пачаўся моцны землятрус. Кухня раптоўна пашырылася. Яна стала набываць выгляд вялікай залы, запоўненай гледачамі. Невядома адкуль з'явіўся самы сапраўдны подыум, і я пабачыў, як на яго паднялася, о-о, дайце веры, бульбінка ў выглядзе прыгажуні ў шыкоўнай святочнай сукенцы і ў туфліках на высокіх абцасах. І адразу ж з усіх бакоў пачуліся радасныя крыкі:

— Адрэта! Мы любім цябе, Адрэта! Ты — Князёўна бульбянога палетка!

На подыум, да ног бульбінкі паляцелі кветкі, а ў першым радзе з крэсла паднялася яшчэ адна бульбінка. На ёй быў строгі чорны гарнітур, белая кашуля і гальштук-бабачка. І адразу ж Адрэта ўсхвалявана закрычала:

— Скарб! Мой мілы Скарб! Паднімайся да мяне на подыум! І тут я адчуў як чыесьці дужыя рукі абхапілі мяне і быццам выхапілі з гэтай глядзельнай залы. Я зноў пабачыў перад сабою раўніну, усыпаную кветкамі незямнога свету, і зразумеў, што стаю на трапе. Тут жа на сходнях стаялі Антон і астрафізік. На іхніх тварах была вялікая ўзрушанасць.

«Д'ябалынчына нейкая!» — падумаў я, а Антон тузануў мяне за руку, поўны нецярплівасці.

— Што ты там бачыў? Хутчэй кажы, што бачыў? Я паціснуў плячамі і сказаў няўпэўнена:

— Яшчэ раз пабыў у свайго брата на развітальнай вячэры ў Мінску.

— А, калі сыходзіў з трапа, пра што ты думаў? — настойліва пытаўся Антон.

— Якраз пра той вечар і згадваў... Успомніў, як пляменніца давала мне дзве бульбіны, якія мы збіраліся з табою пасадзіць тут.

— Дык ты цяпер разумееш, — Антон ужо звяртаўся да астрафізіка. — Пагібельнае месца... Гэтага ніхто ніколі не зможа вытлумачыць. Але гэта — факт! — Антон паглядзеў на мяне і працягнуў: — Ты яшчэ не здагадаўся?! Тут, на гэтым спадарожніку Цэнтаўры матэрыялізуюцца думкі. Я, калі сыходзіў па сходнях, глядзеў на роўнядзь перад вачыма і думаў: «Вось бы тут дамок які пабудаваць... Штосьці накшталт гатэля для зямлян». І ўявіў залу для адпачынку на Месяцы. У яе і зайшоў калі саскочыў на паверхню, нават некалькі знаёмых твараў там пабачыў. Добра, што руку з парэнчы не адняў, тут жа назад рынуўся... І цябе своечасова на трап уцягнулі.