Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 84

Раіса Баравікова

— Лазернае вока вы ўключалі?

Я кіўнуў галавой, маўляў, ага-а, і міжволі пасміхнуўся:

— Яно прадэманстравала нам паўліна.

Адзін з нашых лабарантаў хіхікнуў, а ў голасе Антона пачулася раздражненне.

— Пра паўлінаў цяпер не будзем, — сказаў ён. — На ўсіх мацерыках Цэнтаўры, а іх там тры, — мёртвыя гарады. Ніякіх прыкмет жыцця, паўсюль адно запусценне. Мой лазер прамацаў усю паверхню, — тут ён паглядзеў на доктара Савіча і дадаў: — Мяркую, гэта вынік нейкай страшнай эпідэміі. Таму спускацца будзем выключна ў спецадзенні і ў скафандрах.

Доктар Савіч з непрыхаваным сумам паглядзеў на мяне і сказаў тое, пра што я ў гэты момант падумаў:

— Ты адважышся ў забруджаную глебу пасадзіць свае бульбінкі?

Ён чакаў адказу, а я палічыў што на гэтае пытанне яму не варта адказваць, толькі папрасіў доктара:

— Нікому не расказвай пра нашы доследы... Падобна, нам не паверылі, што мы пабачылі на экране паўліна. А калі пачнеш расказваць пра фіксатар і пра тыя думкі Адрэты і Скарба, якія ён зафіксаваў нас проста засмяюць. У такое ніхто не паверыць.

— А я, ведаеш, у эпідэмію на Цэнтаўры не веру, — нечакана сказаў доктар Савіч. — Калі б там была нейкая эпідэмія, на тваім экране мы не пабачылі б паўліна.

І ў думках я пагадзіўся з доктарам. Таму, калі мы ўжо селі на паверхню аднаго з мацерыкоў Цэнтаўры і праз нейкі час камандзір прапанаваў усім, хто пажадае, акрамя пілотаў-астранаўтаў спусціцца з карабля, я забраў у доктара Савіча свае бульбінкі і паклаў іх у кішэню камбінезона...

6

На Цэнтаўры, несумненна, было лета. Усё наўкол квітнела і буяла... Але гэта была чужая прырода. Вочы шукалі хоць якога падабенства з нашымі беларускімі краявідамі і не знаходзілі яго. Адно, тое месца, дзе мы прыцэнтаўрыліся, нагадвала наш касмадром за Раўбічамі. Было там шмат самых розных лятальных апаратаў і нікога, нічога жывога — наўкол!

Наш бортмеханік спусціў з карабля невялікі паветраны чаўнок, якім мы нярэдка карысталіся, калі даследавалі незнаёмыя планеты. І мы: Антон, астрафізік, доктар Савіч і я — селі ў яго. А ў хуткім часе ўжо кружылі над вялікім горадам, шукаючы месца, дзе можна было б прыпаркавацца. Здзіўляла, што ў тым горадзе не было ні вуліц, ні плошчаў. І гэта гаварыла пра тое, што жыхары Цэнтаўры карысталіся толькі паветраным транспартам.

Для пасадкі мы аблюбавалі прасторны двор, які нагадваў невялікую плошчу, паабапал якой мы налічылі пяць шэрых будынін. Гэтыя будыніны мелі па тры-чатыры паверхі і былі пабудаваныя ў форме стога. У двары не было ні дрэў, ні кустоў, ні кветак. Адно высокая густая трава з вышыні нагадвала разасланы дыван. Яна была такая цёмна-зялёная, што адлівала сінню. На гэтую траву мы і апусціліся. І як толькі выйшлі з чаўнака, між дзвюх будынін адразу пабачылі шырокі ўваход, няйнакш у метро.

— Дамы пакуль абследаваць не будзем, — сказаў Антон. — Спачатку трэба паглядзець, што там унізе? Куды вядзе гэты ўваход?

— Я пайду з табою, — адазваўся астрафізік, — а Сымон з Савічам няхай застаюцца тут, — і Антон яму не запярэчыў.