Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 81

Раіса Баравікова

— А калі б не ўцягнулі? — запытаўся я.

Антон уздыхнуў, а наш астрафізік сумна пасміхнуўся.

— Твая вячэра ў брата зацягнулася б, — сказаў ён. — І ў нейкі момант ты ўспомніў бы пра наш карабель. І тут жа апынуўся б на ім, але гэта быў бы карабель уяўны. І мы ўсе, члены экіпажа, таксама былі б на ім уяўнымі.

— Акрамя цябе, вядома, — дадаў Антон.

Пасля гэтых яго слоў мы пачалі паднімацца па сходнях трапа на карабель, дзе нас ужо нецярпліва чакалі астатнія астранаўты. У той момант я злавіў сябе на думцы, што ўпершыню ў мяне ў чужым свеце не ўзнікла жадання азірнуцца...

На караблі мы амаль адразу разышліся па сваіх адсеках. Антон нават не стаў адказваць на пытанні, што ж там з намі адбылося? На хаду сказаў усім: «Рыхтуйцеся да адлёту!» І гэтая яго фраза прагучала як сігнал небяспекі. Астрафізік таксама не ўдаваўся ў падрабязнасці, абмежаваўся словамі: «Для доўгага расповеду няма часу, а коратка пра ўсё не раскажаш». Я ж увогуле маўчаў. Толькі, калі да мяне падышоў доктар Савіч і запытаўся, калі зайсці ў мой адсек, я прамовіў: «Ды хоць зараз!»

Доктару, напэўна, хацелася як мага хутчэй пачуць, што нас стрымала, з-за чаго мы вярнуліся назад на карабель? А я нечакана пацікавіўся:

— Фіксатар думак у цябе ці ў камандзіра?

Гэтае маё пытанне яго насцярожыла. Ён затрымаў доўгі позірк на маім твары, быццам хацеў прачытаць на ім, што ж такое магло са мной здарыцца: пачынаецца касмічная дэпрэсія ці проста я перажываю моцны стрэс? Потым сказаў:

— Фіксатар у мяне. Я здымаў дэпрэсію ў лабаранта. Навошта ён табе?

І адказаў на гэтае пытанне доктара я ўжо ў сваім адсеку. Але спачатку расказаў яму пра ўсё тое, што адбылося са мной і Антонам там, унізе, калі мы сышлі на паверхню спадарожніка Цэнтаўры. Доктар слухаў мяне ўважліва, але не надта паверыў у мой расповед, бо, як толькі я сказаў яму пра матэрыялізацыю думак, ён адразу запярэчыў:

— Не-не, тут штосьці іншае! Хм-м... Адрэта на подыуме! Ты ж, спадзяюся, не думаў пра гэта? Ды і як мог падумаць пра такое!

— Вядома, не думаў! Але пра подыум магла думаць бульбінка. Яе думкі матэрыялізаваліся і ўклініліся ў маю «карцінку». У яе, напэўна, і цяпер ёсць нейкія думкі. Іх можна зафіксаваць на фіксатары. Ты гэта зробіш, доктар? Ну, а потым прапусціш іх праз камп'ютэр і выведзеш тэкст: думкі бульбінкі Адрэты. Затым зафіксуеш і выведзеш думкі Скарба...

Доктар Савіч глядзеў на мяне, як на вар'ята.

— Ну ты і сказаў!.. Ха-ха... Бульбінка ўявіла сябе мадэллю! Гэтую казачку раскажаш сваёй пляменніцы па вяртанні на Зямлю.

Пасля гэтых сваіх слоў доктар доўга смяяўся, але, калі я прапанаваў яму ўзяць у мяне гэтыя дзве бульбіны, каб правесці сапраўды амаль казачны дослед, ён не адмовіўся і, пакідаючы мой адсек, сказаў вельмі нават сур'ёзна:

— Мне не цяжка прапусціць бульбіны праз фіксатар. Калі штосьці такое запішацца, я прыйду да цябе з тым тэкстам.

І доктар Савіч праз нейкі час на самой справе прыйшоў з ім да мяне, але гэта ўжо было пасля таго, як мы пакінулі спадарожнік Цэнтаўры, і ўжо ляцелі да гэтай планеты.