Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 83

Раіса Баравікова

Калі ты пачуеш гэтыя мае словы, ты, напэўна, уздыхнеш і адкажаш: «Хацелася б, каб так яно і было. Каб мы змаглі камусьці перадаць памяць сваіх сэрцаў». А я ў гэты момант падумаю пра тое, што маё сэрца належыць табе, мая ні з кім непараўнаная Адрэта!

5

На экране знешняга назірання ўжо даўно пранізліва-блакітным шарам зіхацела Цэнтаўра. І можна было бачыць зеленаватыя плямы, ну, вядома ж, яе мацерыкоў, над адным з якіх мы неўзабаве завіснем. А я надзвычай уражаны тым, што прачытаў усё яшчэ не мог адарвацца ад аркуша і ў мяне нават мільганула думка: «А ці не прыдумаў гэта ўсё доктар Савіч?» І ён нібыта прачытаў гэтую маю думку, таму што сказаў:

— Ты ў нечым сумняваешся, Сымон? Не сумнявайся! Мой фіксатар спраўны! Праз яго я яшчэ раз прапушчу бульбінкі, таму і пакінуў іх у сябе. Хай яны паразмаўляюць паміж сабою. Я пакінуў экран уключаным, і яны, вядома ж, пабачаць на ім гэты шарык, дзе ўжо хутка можна будзе штосьці разгледзець. Цікава, пра што яны будуць думаць? Якім будзе іх першае ўражанне? Думаю, яны здагадаюцца, што перад імі — Цэнтаўра.

— Дарэчы, пра ўражанне, доктар, — сказаў я. — Трэба ўключыць лазернае вока. Мы, напэўна, на такой адлегласці ад Цэнтаўры, што яно ўжо можа выхапіць нешта з яе паверхні і перадаць на экран.

— Уключы, я не супраць, — ажывіўся Савіч, і ў яго позірку свяцілася цікавасць.

Я націснуў на патрэбную кнопку, і Цэнтаўра пачала павялічвацца ў памерах. Але вось экран на нейкае імгненне пагас і зноўку ўспыхнуў, далі бог жа, нечаканай карцінкай. На экране мы пабачылі паўліна, самага сапраўднага. Ён стаяў на ганку вялікай будыніны і пер'е яго веерападобнага хваста пералівалася дзівоснымі колерамі. У мяне не знайшлося слоў, каб нешта сказаць, а вось доктар Савіч глыбакадумна зазначыў:

— Усё разумнае можа мець самую непрадказальную форму. Я дапускаю, што такі выгляд маюць тамтэйшыя гуманоіды.

Наконт гуманоідаў мне схацелася яму запярэчыць, але ў гэты момант пачуўся голас камандзіра. Антон запрашаў усіх членаў нашага невялікага экіпажа да сябе ў адсек. І, калі мы прыйшлі туды, астрафізік сустрэў нас пытаннем: