Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 14

Раіса Баравікова

Яны, сапраўды, не спатрэбіліся. Мы нават вырашылі апрануцца ў сваё звыклае зямное адзенне. І як толькі сышлі на паверхню, твары адразу аблашчыў прыемны цёплы ветрык, хоць яшчэ толькі пачынала світаць.

— З вяртаннем! — пачуўся вясёлы голас.

Гэта крыкнуў нам бортмеханік, які корпаўся ў абшыўцы зоркалёта Грынчука.

— Гм-м, ён пазнаў нас, — прабурчэў доктар Савіч. — І гэта ўжо зусім робіцца цікавым.

— Пазнаў, дык пазнаў, — неяк абыякава сказаў Антон і, спыніўшыся, агледзеў мясцовасць. — А гэта сапраўды наш касмадром. Вунь, бачыце, стаяць састарэлыя караблі. Яны ўжо другі год там.

— Можа, патэлефануем у Асацыяцыю, цікава, ці адкажуць? — запытаўся я.

— Не, давайце пакінем касмадром, паглядзім, што за яго межамі.

І мы пайшлі, каб неўзабаве пераканацца, што за касмадромам усё было так, як мы прывыклі бачыць. Указальнікі на Раўбічы і на Мінск, ды яшчэ на нейкія мясціны, якія ніколі ніхто з нас не наведваў. Невялікае кафэ «Вясёлае лета», ля якога гуртам стаялі вайскоўцы. Відаць, са службы аховы. Некалькі аўтобусных прыпынкаў, стаянкі таксі, верталётная пляцоўка... Наўкол было даволі шматлюдна, што, дарэчы, кідалася ў вочы. Быў ранні досвітак. У такую пару людзі на Зямлі яшчэ спяць, ва ўсякім выпадку, гараджане.

Да аднаго з таксі падыходзіла дзяўчына. Мне яна падалася знаёмай. Падобную да яе бачыў аднойчы ў памяшканні Асацыяцыі. Яна злёгку пасміхнулася, і гэтая ўсмешка, далібог жа, адрасавалася мне. Яе вочы засвяціліся, і штосьці ўздрыгнула ўва мне. У яе позірку мільгнуў дзіўны ліловы бляск. Я накіраваўся да дзяўчыны. Яна ўжо зачыняла дзверцы таксі.

— Вы ў Мінск?

— З Мінска. Тут у мяне перасадка. Хачу наведаць бацькоў у Залессі. А вы толькі што прыляцелі? Са шчаслівым прызямленнем! — І зноў у яе вачах мільгнула тое ж ліловае ззянне.

Таксі ад'ехала. Я вярнуўся да сваіх. Яны ўжо стаялі на аўтобусным прыпынку.

— Куды рушым? — запытальна паглядзеў на Антона, а ў галаве круціліся словы, якія сказала дзяўчына. Хм-м, са шчаслівым прызямленнем!

— Ну не ў Раўбічы ж... У Мінск, вядома, — адказаў Антон. А потым запытаўся: «Што, знаёмую сваю пабачыў?»

Я толькі пасміхнуўся ў адказ.

«Ну і планетка, — думаў я, калі мы ўжо трэсліся ў паўпустым аўтобусе. — Колькі ж загадак тоіць у сабе Сусвет? Пакінуць Зямлю, праляцець паўгалактыкі і... зноў апынуцца на Зямлі. Гэта была самая сапраўдная неверагоднасць. А, можа, сапраўды мы нікуды не ляцелі?» І тут з'явілася думка.

— Арцём, — сказаў я. — Ты пазвані сваёй маці. Што там у цябе дома? Хвалюецца, напэўна! Вось тэлефон...

Арцём узяў мабільнік, пачаў набіраць нумар, і мы ўсе пачулі голас:

— Алё-ё...

— Ма-ам, гэта я.

— Ну, дзе цябе носіць?! Галодны днямі ходзіш, хоць бы што ўзяў з халадзільніка. Аліку званіла, думала, ты ў яго. Божа, сын называецца! Колькі ўжо дзён не бачыліся! А мы ж на Нямігу збіраліся, красоўкі купіць... У цябе красоўка адна дзіравая. Зараз жа каб быў дома!