Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 13

Раіса Баравікова

— Ну, хіба можа такое быць? Не-е, я нізавошта не сыду на яе паверхню. Гэта нейкі падман! Міраж. Самы сапраўдны міраж! Вунь, паглядзіце, Атлантычны акіян! А вунь, ну далібог жа, Нью-Йорк! Атам... Там, бачыце, — Гімалаі!

— Хлопцы, шукайце позіркам Белавежскую пушчу, — не то жартам, не то ўсур'ёз сказаў наш камандзір. — Яе возьмем за арыенцір. Ну, а сядзем, зразумела, пад Мінскам, адкуль і стартавалі. На нашым касмадроме. За Раўбічамі.

І ўсе засмяяліся. Вядома, яго словы прынялі за жарт. Але, калі мы ўжо селі на паверхню і кінуліся да галаўнога ілюмінатара, смяяцца нікому не хацелася.

— Вунь ружовая палоска ўзыходу на даляглядзе, тая самая... — паказала Галя. — Ты помніш, Сымон, я казала табе пра яе. Сонца хутка пачне ўставаць, — і яна ўздыхнула з пытаннем у позірку. — Досвітак! Мы на сваім касмадроме.

— Апамятайся, псіхолаг! Карабель праляцеў такую адлегласць! Мільёны кіламетраў!

— Глядзіце! Глядзіце... Вунь зоркалёт Грынчука! Я ведаю іхняга бортмеханіка, — закрычаў наш старшы пілот, які кіраваў пілотамі-робатамі. — Там іхні бортмеханік! — і ён паглядзеў на Антона, маўляў, што ты на гэта скажаш, камандзір? Але Антон маўчаў.

— Пайшоў бы ты лепш да сваіх робатаў, — параіў старшаму пілоту доктар Савіч. — Я не веру, што мы на сваім касмадроме. Гэта выключана. Праграма не магла памыліцца. Увесь маршрут — у маіх мазгах. Я вывучыў яго на памяць. Гэта... Хм-м... Гэта і ёсць планета — копія Зямлі.

— Ха-а, Праграма! І бортмеханік таксама копія? — выгукнуў нехта.

Яго падтрымала Галя:

— Нас жа, як заўсёды, усыпілі робаты. Мы ўсе спалі, калі павінен быў адбыцца старт. Дык, можа, і не было ніякага палёту? У крайнім выпадку, падняліся і завіслі над Зямлёю. Павіселі, павіселі, потым спусціліся. Вось вам той самы неапазнаны лятальны апарат!

— А ўсё, што мы бачылі: метэарыты, рэшткі нейкіх станцый, планеты-гіганты і планеты-ліліпуты, шматлікія зоркі, міма якіх праляталі, — робаты пракруцілі нам у сне. У архіве шмат самых розных запісаў, — выказаў сваё меркаванне маладзенькі лабарант.

— Глупства! — адазваўся я. — Добра помню, як мы праляталі праз сузор'е Льва. На свае вочы бачыў агністы Рэгул, а што да серыялаў, я да іх не падключаўся. Я глядзеў мульцік у сне.

— Не-е, мы сапраўды ляцелі, — нясмела пацвердзіў Арцём. — Я ўвесь час паіў Ням-Няма.

— Ням-Няма? — засмяяўся старшы пілот. — Значыць і ты глядзеў мульцік! Хлопцы, ніякага палёту не было, трэба выходзіць на паверхню і раз'язджацца па сваіх кватэрах. Я стаю на сваім: робатам давяраць нельга. Хай цяпер з імі разбіраецца Асацыяцыя!

— Чакайце, — сказаў Антон, які ўвесь гэты час задумліва маўчаў. — Сысці мы паспеем і сыдзем, але не ўсе. Значыцца, слухайце... Спушчуся на паверхню я, — абвёў экіпаж позіркам. — Можа спатрэбіцца доктар, таму будзь гатовы, Савіч...

— Мы часта на незнаёмых паверхнях працавалі з ім у пары, — прамовіў я. — Вазьмі і мяне, камандзір.

Антон пагадзіўся. Арцём шапнуў мне: — А я?

— Яго таксама возьмем, — сказаў Антон і дадаў: — Усім астатнім заставацца на караблі да нашага вяртання. Калі якая небяспека, сігналізуйце, выходзьце на мабільную сувязь. Думаю, мы хутка ўсё высветлім, — і папрасіў лабаранта: — Зрабіце замеры на наяўнасць паветра. Калі яно ёсць тут, магчыма, што скафандры і не спатрэбяцца.