Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 12

Раіса Баравікова

І я не сумняваўся ў тым, што яны пасябруюць. Нам, астранаўтам, не рэкамендавалася, пакуль мы працавалі ў Асацыяцыі зоркавых палётаў, мець сям'ю. І, як правіла, гэтай рэкамендацыі мы ўсе прытрымліваліся. Хаця ў думках кожны марыў пра дом, поўны дзіцячых галасоў. Ну, а што да Арцёма, дык ён па‑сапраўднаму прывязаўся не да доктара Савіча, а да мяне. З цягам часу нават перасяліўся ў мой адсек.

Справа ў тым, што, калі мы лёталі ў сістэму зоркі Кастор, якая знаходзіцца ў сузор'і Блізнятаў, наш галоўны батанік падхапіў там касторавую чумку. І цяпер я міжволі выконваў яго абавязкі. Даследаваў раслінны свет з самых розных планет, які часткова знаходзіўся на караблі ў маім адсеку. Сярод іншых там расла адна цікавая расліна, якую я падабраў на Месяцы, у невядома кім пакінутым зоркалёце. Яна была незвычайна палахлівая. Падыходзіш да яе, узмахваеш рукою — і сцяблінкі пачынаюць трапятаць, быццам баяцца, што ты зараз вытнеш расліну. Яна засынала і прачыналася. Калі засынала, складвала лісток да лістка. Расліна цвіла. У яе была адна кветка, падобная да тых, што на Зямлі называюцца ільвіным зевам. Праз гэты «зеў» я паіў расліну па кропельцы з піпеткі.

Потым гэта пачаў рабіць Арцём. І расліна лашчылася да яго, дакраналася лісцем да рук. Ён і імя расліне прыдумаў: Ням-Ням. Браў піпетку з кропелькамі вады, падыходзіў да расліны: «Ну, што, Ням-Ням, будзем есці?» І мне здавалася, што ў гэты момант расліна ціхенька смяялася.

Ляцеў час. А з ім насустрач чарговай невядомасці ляцелі і мы. Аднойчы я ўключыў экран знешняга назірання, што займаў ледзь не ўсю сцяну майго адсека, і зразумеў, што мы мінаем сузор'е Льва. Заставалася ззаду яго самая яркая зорка-гігант — Рэгул. Наперадзе было сузор'е Дзевы. І вось неяк Арцём, калі мы з ім зноў сядзелі ля ўключанага экрана, запытаўся ў мяне:

— А чаму сузор'е, да якога мы ляцім, называецца Дзева? Я падумаў і адказаў:

— Гэтую назву яму далі даўно. Яшчэ ў часы дзевятай зямной цывілізацыі, у старажытным Егіпце. Яго з'яўленне на вечаровым небе сведчыла, што надышоў час збору ўраджаю. На палетках працавалі пераважна жанчыны — дзевы. Адсюль і пайшла назва. Таму і Спіка — самая прыкметная зорка гэтага сузор'я — у перакладзе з лацінскай мовы азначае «Колас».

Але Арцёма цікавіла не толькі назва сузор'я. Ён запытаўся і пра мэту нашага палёту. Для чаго мы ляцім туды? І мне давялося яму патлумачыць, што мы — шукальнікі інфармацыі. Прычым, самай неверагоднай, што магла б стаць на Зямлі сенсацыяй. Якую, па нашым вяртанні, Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў, згодна з заключанымі кантрактамі, прадае інфармацыйным агенцтвам.

— Гэта — Спіка? — абарваў мяне на паўслове Арцём і паказаў позіркам на экран. Я анямеў. На экране вымалёўваўся ярка-блакітны шар. «Зямля!» — перахапіла ў мяне дыханне. Але якая ж тут можа быць Зямля? Гэта была ці не першая планета ў сузор'і Дзевы, якая ўсім сваім выглядам, кропля ў кроплю, нагадвала Зямлю.

І калі мы ўжо завіслі над ёю, выбіраючы найбольш прыдатнае месца для пасадкі, больш за ўсіх здзіўлялася Галя — наш псіхолаг. Яна была надзвычай усхваляваная, усё ўскрыквала і ўскрыквала: