Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 16

Раіса Баравікова

— Прусакоў санслужбы труцілі, — і раптам ён адвёў вочы, штосьці занепакоіла яго. Узмахнуў кульбаю, нешта мармытнуў і заспяшаўся ў пад'езд дома.

— Ты чымсьці напалохаў яго, — сказаў доктар Савіч. А я ўжо здагадаўся, ужо ведаў чым. Сусед не пабачыў у маіх вачах ліловага ззяння. Пра гэта я зараз жа і сказаў:

— Ён здагадаўся, што я не яго сусед. Што я нехта іншы, падобны да яго суседа. Значыцца, і ён сам нехта іншы з абліччам майго суседа. У яго ліловыя зрэнкі, у нас не такія.

— Кінь, Сымон, — засмяяўся Антон. — Стары чалавек, кепска бачыць. Лінзы ў яго ліловага колеру.

— Не-е, не лінзы! У той дзяўчыны, з якою я размаўляў ля касмадрома, таксама было ліловае ззянне ў вачах. І ў яе ліловыя лінзы?

— Не спрачайцеся, — паспрабаваў супакоіць нас доктар Савіч, — зараз зойдзем у кватэру, я патэлефаную Лоры і, магчыма, мы хутка нешта высветлім.

— А што высвятляць? Ну можа быць планета — копія Зямлі, я дапускаю! Ландшафт падобны, атмасфера, магнітнае поле і ўсё такое... А тут! Арцём, ты размаўляў са сваёй маці па хатнім нумары тэлефона. Я сустрэў суседа, з якім гадоў дваццаць жыву дзверы ў дзверы, але... У яго ніколі раней не было ліловага бляску ў вачах! Дык гэта — Зямля ці не Зямля, скажыце мне?

Апошнія словы я выгукнуў вельмі моцна. Дзяўчынка, што збягала па лесвіцы, нават азірнулася.

— І ў яе ліловасць у вачах, — прашаптаў Арцём.

А я ўжо адчыняў дзверы ў кватэру і першае, на што звярнуў увагу, калі зайшлі ў гасцёўню, быў мяшэчак з рачным пяском, які ляжаў на стале. Так, гэта была мая кватэра!

— Сядайце, хто куды... Размяшчайцеся. Я абяцаў вас пакарміць грыбкамі.

— Не цяпер, потым грыбкі, — сказаў Антон і сеў на канапу, позіркам запрашаючы садзіцца Арцёма і доктара Савіча. — Давайце, спачатку прыкінем, што мы маем.

— Ты прыкідвай, — сказаў доктар Савіч, а я прайду ў другі пакой, пазваню Лоры, — і запытаўся ў мяне: — Яе можна сюды запрасіць?

Я згодна кіўнуў і сеў побач з Антонам.

— Дык што ты сабраўся прыкідваць?

— Раскладзём усё, што называецца, па палічках... Планета, куды мы ляцелі, сапраўды аказалася копіяй Зямлі. Вось мы сыходзім з карабля, і бортмеханік, які завіхаецца ля зоркалёта Грынчука, крычыць нам: «З вяртаннем!» Ён нас пазнаў, а мы ж упершыню на гэтай планеце. Значыцца...

— Правільна мысліш, камандзір, — у гасцёўню вярнуўся доктар Савіч. — Значыцца, да нас тут нехта быў падобны да мяне, да цябе, Антон, да Сымона... Іншымі словамі, жылі нашы двайнікі.

— Што ж атрымліваецца? — запытаўся я. — Мы пакідалі сваю Зямлю, а яны, нашы двайнікі, пакінулі гэтую планету. Мы цяпер тут, а яны, магчыма, там... у нас на Зямлі. І іх гэтаксама хтосьці прымае за нас, як тут нас — за іх!

— Вы забыліся пра ліловае ззянне ў вачах, — сказаў Арцём. — Па гэтым ззянні на Зямлі здагадаюцца, што гэта не мы.

— А яго можна і не заўважыць, — запярэчыў доктар Савіч. — Тая ж дзяўчына ля касмадрома не заўважыла, што ў Сымона самыя звычайныя зямныя вочы. Ва ўсякім выпадку, ніяк не адрэагавала на адсутнасць ліловасці ў іх.

— Ды яна не глядзела мне ў вочы, яна ўжо сядзела ў таксі і навошта ёй было мяне разглядваць! — сказаў я і тут жа ўспомніў. — Чакайце, чакайце... Яна мне сказала: «Са шчаслівым прызямленнем!» Тады атрымліваецца, што і гэтая чужая планета называецца Зямля. А як жа можа такое быць? Нейкая няўвязка атрымліваецца! І тут пачуўся званок у дзверы.