Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 15

Раіса Баравікова

Я паглядзеў уніз, пад ногі... У Арцёма сапраўды была дзіравая красоўка. Ён аддаў мне тэлефон. Усе маўчалі.

— Мне ехаць дадому? — праз нейкае імгненне запытаўся ён.

— Разумееш, — нахіліўся да яго доктар Савіч, — ужо даўнавата мы спыніліся на адной зялёнай планеце... Там жыхары, што жылі на ёй, далі мне арыенцір, своеасаблівую Праграму, якую завезлі туды прадстаўнікі адной з самых высакаразвітых сусветных цывілізацый. Згодна з гэтай Праграмай, каб сустрэцца з братамі па розуме, што, зразумела, можа стаць найвялікшай сенсацыяй, мы павінны былі ляцець менавіта сюды, на копію Зямлі.

— А мая мама? Не-е, гэта наша Зямля, ніякая ні копія! Гэта наш Мінск! — упэўнена сказаў Арцём. — Ды вось жа, за акном толькі што праімчала машына. У ёй я заўважыў свайго аднакласніка Толіка Прышчэпчыка. Я хачу дамоў.

— Пачакай, — сказаў яму Антон. — Табе ж цікава з намі. Дамоў ты паспееш. — І паглядзеў на мяне. — А мы ўжо сапраўды ўехалі ў горад. Вы заўважылі? Пазнаяце, за вокнамі мільгае праспект Пераможцаў... Дзе будзем выходзіць? — І ў яго голасе чулася нейкая ненатуральная весялосць.

І тут я ўспомніў мяшэчак з рачным пяском. Гэты пясок быў з берага Лошы, дзе калісьці даўно прайшло маё дзяцінства. Я заўжды браў гэты мяшэчак з сабой ва ўсе свае далёкія падарожжы, каб памятаць, адкуль я. Гэтым разам мяшэчак застаўся дома. Я забыўся яго ўзяць. Цікава паглядзець, ці знайду яго цяпер у сваёй кватэры? Трэба ж хоць за нешта зачапіцца, каб нарэшце канчаткова праясніць: мы на сваёй Зямлі, ці ўсё ж гэта чужая планета? І я сказаў Антону:

— А давай выйдзем на Паўднёвым Захадзе. Зойдзем да мяне. Я пакармлю вас. У мяне шмат прысмакаў. Есць нават грыбы марынаваныя. Мінулым летам збіраў іх у Налібоцкай пушчы.

— Я не супраць, — падтрымаў мяне доктар Савіч. — Недалёка ад цябе жыве адна мая знаёмая. Лора. Медсястра. Ёй здаралася вылятаць на Месяц. Перад самым гэтым нашым палётам я тэлефанаваў ёй. Яна збіралася зноў кудысьці ляцець, — ён паглядзеў на Антона і дадаў: — Была цікавая размова. Пабачым, што яна цяпер скажа?

«Вось і доктар Савіч хоча з нечым зверыцца, супаставіць адно з адным», — падумаў я, а Антон сказаў:

— Я раіў бы вам не расслабляцца. А куды ехаць, мне, у прынцыпе, усё роўна. Цяпер галоўнае для нас да ўсяго як след прыглядвацца. Потым зробім нейкую выснову.

І мы выйшлі з аўтобуса на Паўднёвым Захадзе, дзе хутка апынуліся ў маім двары. Там пачаў адцвітаць бэз, і яго кусты ўжо не дыхалі водарам. Я міжволі пашкадаваў што не давялося бачыць гэтага кароткага цвіцення. А калі адвёў позірк ад кустоў бэзу, яшчэ здалёк заўважыў постаць свайго суседа, у мінулым — астрафізіка. Ён заўжды хадзіў з драўлянаю кульбаю, якою ўзмахваў у знак прывітання. Узмахнуў і на гэты раз. Пачакаў пакуль мы падыдзем да яго.

— Колькі ж гэта вы адсутнічалі? — пасміхнуўся ён, і ў яго вачах заіскрылася ліловае ззянне. «Такі ж самы ліловы бляск, што і ў той дзяўчыны, з якою сустрэліся ля касмадрома», — падумаў я, а ўслых сказаў:

— У вас была нейкая справа да мяне?