Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 11

Раіса Баравікова

Я не паспеў ёй адказаць і, прызнацца, не любіў падобных размоў. Ну ўстае сонца і ўстае, не першы і не апошні раз на Зямлі, у нашай Сонечнай сістэме, што ж на гэтым засяроджвацца? Тым больш, што ўжо чуецца голас пілота-робата:

— Праз дзесяць хвілін стартуем! Пачынайце пагружацца ў сон.

Хацелася хутчэй заснуць, каб прачнуцца ў глыбокім космасе.

Сон на гадзіну падчас старту — старая традыцыя яшчэ з тых часоў, калі мы, беларусы, толькі пачыналі падарожнічаць па Сусвеце, і якой мала ўжо хто прытрымліваўся. Але мы ніколі не парушалі яе. Не парушылі і гэтым разам. Нам дазвалялася падключацца да кінасерыялаў, якія кадр за кадрам пракручваліся ў сне. Я падключыўся да мульціка і спаў роўна гадзіну. А калі прачнуўся, доўга не мог зразумець, адкуль чуюцца ўзбуджаныя гучныя галасы. Нарэшце вызначыў: з цэнтральнага хола, і, вядома, заспяшаўся туды. На зоркалёце нешта здарылася.

Я не памыліўся. Як толькі зайшоў у хол, да мяне адразу кінуўся доктар Савіч:

— Я казаў яшчэ тады, калі раней лётаў разам з вамі, — служба аховы на касмадроме ненадзейная. Яны кепска працуюць. Ніякай пільнасці! І вось, паглядзі...

А я ўжо і без яго слоў бачыў пасярод хола падлетка ў зашмальцаваных джынсах, у майцы з малюнкам нейкага моднага рокгурта. Яму было гадоў трынаццаць, і ён спалохана паўтараў адно і тое ж:

— Я не хацеў! Я... Я пераблытаў караблі! Я думаў, вы толькі што прызямліліся.

— Спіхне яго на мяне, — шапнуў мне доктар Савіч. І сапраўды, Антон Верашчака, а ён у нас быў за камандзіра, паглядзеў на доктара:

— Савіч, падбярэш яму камплект адзення і забярэш пад свой нагляд. Невядома, як будзе пераносіць касмічныя перагрузкі!

Хлопец павесялеў. А мы ўсе былі ў паніцы. Такога яшчэ ніколі не здаралася. Як быць у гэтым выпадку? Рабіць незапланаваную пасадку на Месяцы? А калі там не будзе карабля, які б ляцеў на Зямлю? Чакаць, пакуль з'явіцца, ці выклікаць спецыяльны рэйс? Апошняе слова было за камандзірам. Антон вырашыў, што хлопец паляціць разам з намі ў сузор'е Дзевы, куды мы накіроўваліся. Адно давядзецца паведаміць на Зямлю пра гэтую нечаканасць. Няхай там супрацоўнікі Міжнароднай асацыяцыі зоркавых палётаў звязваюцца з яго бацькамі, хай штосьці тлумачаць ім. Гэта ўжо не наша справа. Мы маем тое, што маем: падлетка на зоркалёце!

Праз некалькі гадзін да мяне ў адсек завітаў Савіч.

— А ты ведаеш, — сказаў доктар, — ён, аказваецца, твой сусед.

— Хто?

— Ну-у, як гэта хто? Наш юны пасажыр. Арцём. Прозвішча яго Нічыпаровіч. У Мінску жыве на Паўднёвым Захадзе. Звыклая гісторыя. Калі ён яшчэ не нарадзіўся, яго бацька прымаў удзел у экспедыцыі. Ну, памятаеш, тады яшчэ шмат пра гэта ў газетах пісалі. Яны ляцелі да Паўночнага Асла... Назад на Зямлю не вярнуліся, а Арцём усё спадзяецца сустрэцца з бацькам. Таму і бадзяецца па касмадроме. Ён, аказваецца, два тыдні сачыў за нашым псіхолагам. Усё ведаў пра наш маршрут. Галя, напэўна, дзе магла, расказвала пра палёт. Вось і атрымліваецца, што ён тут не выпадкова. Ды што цяпер пра гэта казаць, думаю, я з ім пасябрую.