Читать «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў» онлайн - страница 10

Раіса Баравікова

— Ты тут жывеш не адзін? — запытаўся я ў доктара і дадаў: — Я паспеў заўважыць нейкае калматае стварэнне. Няўжо гэтак змяніўся клімат на Зямлі, што ў Беларусі пачалі жыць малпы?

— Гэта не зусім малпа, — адказаў доктар Савіч. — Я тады яшчэ не лётаў з вамі. Мяне пасылалі ў блізкія падарожжы. І вось падчас аднаго з тых маршрутаў на Месяцы мы натрапілі на невядомы міжпланетны карабель, які пацярпеў катастрофу. Як ні аглядалі, ніякіх жывых істот не знайшлі. Але ў адным з адсекаў адшукалі прабіркі, у якіх былі зародкі.

Ты здагадваешся, што адну з тых прабірак я прывёз на Зямлю. З зародка, што быў у ёй, і з'явілася на свет істота, якую ты назваў малпаю. Але паўтараю, гэта, далібог, не малпа, таму што вельмі хутка яна засвоіла ўсе зямныя мовы. А галоўнае тое, што больш надзейнага, вернага стварэння я не сустракаў. Зараз пазнаёмішся з гэтым маім адданым сябрам.

Мы ўвайшлі ў будыніну, адчынілі дзверы ў адзін з пакояў і тое, што пабачылі, нас уразіла неймаверна. У шыбіну стукалася, білася крыламі невялікая птушка з чорнай палосачкай-гальштукам на валляку...

— Гальштук! Мой гальштук! — закрычаў доктар Савіч у вялікай роспачы. — Як жа я мог сарваць яго!.. Ты разумееш, што адбылося?! Ён, напэўна, падняў гальштук, начапіў сабе на шыю, і вось здарылася бяда. Ты ж помніш, Праграма, што хавалася ў ім, станоўча спрацоўвала толькі тады, калі гальштук хтосьці атрымліваў у падарунак. Ва ўсіх іншых выпадках гэта— адмоўная энергія. Мой добры сябар стаў птушкаю! — і доктар Савіч адчыніў фортку...

Птушку мы назвалі гальштучнікам. Яе і цяпер можна сустрэць у Беларусі на вялікіх спустошаных лугах-пашах, куды выганяюць пастухі свае статкі. Толькі гальштучнік не заўважае гэтай спустошанасці. Яму, напэўна, бачацца наўкол зялёныя гаі ды парослыя сакаўною травою паляны. Але справа ўжо не ў гальштучніку...

— Дык тое, пра што ты нам тады расказваў, усё ж было праўдаю? — запытаўся я ў доктара пасля таго, як птушка вылецела ў фортку.

— А ты што, сумняваўся?

— Мы ўсе сумняваліся, — сказаў я. — Думалі, ты страціў розум. Таму цябе і звольнілі.

Тым жа днём я расказаў доктару, што Міжнародная асацыяцыя зоркавых палётаў рыхтуе вялікую экспедыцыю з адной толькі мэтай — расшукаць у касмічных глыбінях братоў па розуме, хто прайшоў падобную да зямной эвалюцыю ў сваім развіцці.

— Трэба ляцець да сузор'я Дзевы, — сказаў доктар і праз невялікую паўзу запытаўся: — Як ты думаеш, мне не адмовяць, калі я папрашуся ў гэтае падарожжа?

Ён сапраўды папрасіўся праз нейкі час. І яму не адмовілі. Мы зноў былі членамі аднаго экіпажа і неўзабаве ляцелі ў сузор'е Дзевы на планету, якая ўяўляе сабою копію Зямлі. Ва ўсякім выпадку, мы гэтак думалі.

Зямля-2

Псіхолаг Галя, яе мы зрэдку бралі ў свае падарожжы, зайшла на карабель апошняй. З сумам паглядзела ў ілюмінатар, потым на мяне.

— Сымон, а табе не шкада пакідаць тую ружовую стужачку, што ўжо з'явілася на даляглядзе? — запыталася яна. — Сонца пачынае ўставаць, хутка ўсё ажыве, птушкі зашчабечуць, як яны ўмеюць шчабятаць толькі на Зямлі.