Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 32
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Вольха. Г-га-ха-га! Дык вось, ты іх не адмыеш, ты, што бацьку, родны свой горад, пазбавіў языка, што матцы, зямлі сваёй, чэрава ўспароў. Цьфу!
Палікар. Слухай, я адкладу, нібы на даследаванне. Даб’юся. Мы дамо яму ўцячы. Я не магу болей. Пагарда вакол. Не адштурхні мяне, апошні мой бераг, апошняе маё спасенне... Бачыш, рукі...
Багуся. Ты іх паспрабуй адмыць спярша, рукі.
Палікар. Застанешся адна.
Багуся. Не, Палікар, адна я не застануся.
Антоні, чакай мяне, я іду за табой. Яшчэ сёння ўзрадуемся разам на небе.
Палікар. Ты што? Ты што? Хто карае жанчын? Ты ж і рукі не ўздымала! Людзі, не слухайце яе.
Багуся. Гэта я прынесла гізаўру. Гэта я загадала, каб ён ж-жахнуў таго цмока па галаве. I, хай мяне пярун шасне, калі я не бачыла, як у яго з галавы – з-пад сякеры – палілася атрута і вылецеў у паветра д’ябал.
Палікар. Яна нагаворвае на сябе. Заторкніце вушы, людзі!
Багуся. Хто бачыў? Ага, вось ты, баба Еўга.
Еўга. Ага, ага, бачыла, бачыла. Гэта яна падала. Варта было. Ён людзей выкопваў. I д’ябла бачыла. Чорны такі анёлачак. Рожкі, як у козкі. Зубкі, як часначок. Хвосцік, як памялцо.
Палікар. Не слухай вар’яткі, народ!
Гэта яшчэ што такое? Якога д’ябла?
Вартавы. Гадзіну назад убачылі, як невядомыя з урвішча кінулі ў Дзвіну два мяхі. З таго месца, адкуль і... Выявілі. Вось што ў іх.
Палікар. Дарафей... Езуіт.
Корвін. Боская адплата.
Палікар. Стойце... Прыпыніць страту...
Багуся. I гэта нашы сябры зрабілі... Я іду да цябе, Антоні. Цяпер мы будзем спаць спакойна.
Палікар. Цяпер усё.
Муляраў сюды. Сякера занадта хутка скончыць з імі.
Муляр. Што?
Палікар. Рабіць далей.
I, клянуся першамучанікам Ігнатам, і святым Васілем, і Янам Ксціцелем клянуся, што калі адмовіцеся – загадаю пасадзіць на палі азадкам не толькі вас, не толькі сямейных вашых, але і ўвесь Задунаўскі канец. Ну!
Вольха. Працуйце, хлопцы. Не хапала яшчэ, каб столькі людзей...
Багуся. Мы даруем вам. Мы выпрасім вам дараванне.
Вольха. Ну-ну. Досыць калаціцца. Няхай – яны.
Палікар. Пасля, калі задыхнуцца, – абскрабіце лішкі цамянкі і зрабіце якабы два балваны. I хай стаяць, на пострах усім, колькі будзе трэба.
Вольха. Галовы адсечаныя не прыставіш, лепшых сыноў горада, лепшых братоў – не вернеш. Але горш за смерць нашу – смерць залатой волі Віцебска. Нічога, яна ўстане. Не можа не ўстаць. З тым і памром. З горыччу, але і з надзеяй на святло. Званоў нашых не заглушыць. Кішка ў іх, паршыўцаў, слабая.
Палікар. Ну то стойце і слухайце. Дзе яны, вашы званы?
Вольха. Мы будзем стаяць. Помнік Віцебску, які ты думаеш, што забіў. I які нельга забіць. Як увесь наш бедны, наш моцны край.