Читать «Званы Віцебска» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Званы Віцебска

Хроніка з XVII стагоддзя ў трох дзеях, шасці карцінах

Дзеючыя асобы

Сцяпан Пасіёра – завадатар паўстання 1623 года ў Віцебску.

Марцыян Ропат – цэхавы збраяроў-мечнікаў.

Антоні-Лар Вольха – залатых спраў майстра.

Багуслава (Багуся) Данель – дзяўчына, дачка аднаго з віцабскіх радцаў.

Прузына Трапашкава – яе “мамка”.

Еўга Бабук – былая павітуха, напаўюродка.

Баба Абдзярыха – гандлярка калдунамі.

Навум Воўк

Сымон Неша

Іля – свавольны поп.

Неўсця Ярамяшэвіч-Скверша

Васка Матыс

Янка Гужнішчаў – званар.

Ладысь – аршанец.

Пятро – палачанін.

Васіль – яго сын.

Вінусь – вільнянін.

Зуліся

Вальгіна

Іасафат (Ізахват) Кунцэвіч – уніяцкі арцыбіскуп Полацкі і Віцебскі.

Архідыякан Дарафей – давераная асоба Кунцэвіча.

Леў Сапега – вялікі канцлер Вялікага княства.

Палікар Абрагімовіч – тысячнік, галава біскупскай “гвардыі”.

Станіслаў Касінскі – езуіт, духоўнік Кунцэвіча.

Аляксандр Корвін-Гансеўскі – рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства, Веліжскі, Пуньскі, Купінскі і іншы стараста.

Член камісарскага суда.

1-шы вартавы.

2-гі вартавы.

3-ці вартавы.

Мяшчане, гвардзейцы, члены трыбунала, варта, муляры, служкі, кат.

І i ІІ дзеі адбываюцца ў Віцебску ў жніўні – лістападзе 1623 года, ІІІ – у лютым 1624 года, там жа.

Дзея першая

Карціна першая

Цьмяныя контуры дамоў і вежаў. Ляцяць над імі і клубяцца чорныя страшньш хмары. Амаль поўная цемра. Хаос. I з гэтага хаосу – Голас.

Голас. Гэта было роўна 350 год таму. Чалавецтва змучылася ў рэлігійных войнах XVI стагоддзя. Многім людзям здавалася, што нават змрок Сярэднявечча – лепшы, бо ў ім была раўнавага духоўная.

I Рым, папа ўзнамерыліся “даць гэтую раўнавагу, даць спакой душам”. Нават агнём і мячом, не думаючы, ці варта плаціць за парадак гвалтам і разбоем.

На беларускія землі быў дасланы для вайны з ерасямі, увядзення уніі, саюзу з Рымам і знішчэння іншаверцаў – біскуп Іасафат Кунцэвіч.

Хто не згодзен – плаха, хто гаворыць і думае па-свойму – меч. I таму XVII стагоддзе было асабліва страшнае для Беларусі, якая ніколі яшчэ не стаяла так блізка да загібелі.

I ў тым, што так не здарылася, – заслуга і гонар многіх. Але аднымі з першых узнялі свой голас супраць знішчэння і смерці – Віцебскія Званы.

Паступова святлее. Ясны, залаты асенні дзень. Плошча перад царквой Успення маці божай (прачыстай) на Узгорскім пасадзе, пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну. Галоўны ўваход у царкву – справа, а перад намі – бакавы. Злева ад царквы, за садам, з якога звісаюць чырвоныя арабіны, – аркады гасцінага двара, далей – сілуэт ратушы, а правей ад аркадаў – задні мур двара арцыбіскупа.

Правей, за плошчаю, халодна сінеюць хвалі Віцьбы і Дзвіны, відаць каменныя,крыху пабітыя часам замкавыя вежы.

На плошчы натоўп. У многіх у руках пучкі каласоў з гронкамі арабіны: прыйшлі свяціць. Ціша і спакой. I раптам гул абураных галасоў.

Галасы. А людзейкі, а добрыя! А што ж гэта робіцца?! Біскупскія людзі нас з каласамі ад царквы гоняць.

Вальгіна. На прачыстую, у імя якой храм! На ўспенне маці божай.

Зуліся. Проста па гарбузах кіямі да крыві б’юць.