Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 33

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Паўза. Цамянка ўжо да калень.

Бывай, Багуся.

Багуся. Нічога, мы пастаім. Толькі на пострах табе, а не людзям, іуда. Антоні... “У ложу тваю...”

Вольха. Я цябе кахаю.

Багуся. І я цябе кахаю. I мы ўрэшце разам. Разам ва ўсе дні да сканчэння свету.

Цемра. Надрыўны свіст ветру. Потым нібы крыху святлее. Стылая, аранжава-жоўтая, разгараецца над горадам стужка зары. На плошчы, у слабой пляме святла, два грубыя ізваянні з закарэлай цамянкі. На плошчу няцвёрда выходзіць Палікар у суправаджэнні трох вартавых.

Палікар. Рукі... Рукі.

З’яўляецца Сапега. За ім служка нясе ліхтар.

1-шы вартавы. Хто ідзе? Божа, канцлер. Куды ў такую ноч, ваша высокая мосць?

Сапега. Сёння ад’язджаем. (На Палікара.) Што гэта з ім?

1-шы вартавы. Баімся ўсе, што звіхнецца. За шаблю некалькі разоў хапаўся.

2-гі вартавы. Ходзіць, мармыча: “Рукі-рукі”. I ўсё яго сюды верне. Стане і слухае, слухае.

3-ці вартавы. Войт так і сказаў: “Сачыце за ім хлопцы, бо як бы не спяціў. Бо вось так яно ў розуме і псуюцца”. Слухае.

Сапега. Чаго слухаць? Маўчыць горад. Раб, у гразь кінуты, – цяпер горад. Без голасу, без званоў.

1-шы вартавы. Добра хаця, што парадак у дзяржаве захавалі.

Сапега. I тое праўда.

Палікар. Маўчыць... Рукі-рукі. (Да “статуй”.) Што, і вы маўчыце? Сцішыліся. Мерцвень, халодная, як гэтая цамянка, як тое вапно, як тая заранка, стылы лёд. Дзе тваё сэрца, Багуся? А цёпленькае было. I магло б жыці, песціцца. А тваё дзе сэрца? А гарачае было. Як пажар. То ж бо! Дзе яна цяпер, ваша сіла? Стаіце балванамі на скрыжаванні. А маглі б жыць, каб саступілі, каб трысціначкай, якую вецер не ломіць. А рукі? Маўчыце? Ну вось. Перамог усё ж я. Мёртвы горад. I стаіце вы балванамі, помнікамі на яго магіле. Вось. Во-ось.

Пляма святла пашыраецца, і раптам мы бачьм, што на месцы ратушы, пад аркадамі і перад імі, моўчкі стаяць людзі.

Вы што тут? Вы што тут кожную ноч? Плачаце моўчкі? Моўча, а дума воўча? Маўклівая непавага да ваявод, кашталянаў, старастаў, сурагатараў? Ты вось што?

Еўга. Слухаем.

Палікар. Што?

Еўга. Тое, што грукоча.

Палікар. Што? Што грукоча, я цябе пытаюся? Няма чаму грукатаць. (Прыслухоўваецца.) Ну дзе, ну? Што?

Еўга. Грукоча. Там.

Палікар (слухае). Нічога не грукоча. Ці мо грукоча? Дзе? Там? Ага, нешта нібы цюкае. (Ходзіць, прыслухоўваючыся да нечага, нібы вынюхвае.)

У цішыні, спачатку амаль нячутна, а пасля ўсё мацней і мацней, пачынаюць аддавацца ўдары сэрцаў: тук-тук-тук-тук. Мацней, мацней і мацней.

Грук-грук-грук. Дзе? Ага, тут. (Ён кідаецца да ізваянняў і прыкладае да іх вуха.)

А грукат ужо нясцерпны, і вось ужо ў ім нешта нават металічнае, і невядома, што гэта: неймавернай сілы ўдары сэрцаў ці набат.

Грукоча-грукоча-грукоча. Не, не могуць. Яны ж мёртвыя, халодныя. (Адарваў руку ад цамянкі.) Гэта я, вось гэтымі рукамі, забіў іх. Гэтага не можа быць. Грукоча-грукоча. Ды змоўчце вы! (Выхапіўшы шаблю, б’е плазам.)

Грукоча. Званы! Званы! Званы Віцебска! Набат! Набат! Набат! (Падае на калені. Заціскае вушы. Але ўдары ўжо нясцерпна запаланілі ўвесь свет.) Сціхніце-е-е!