Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 30

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Палікар. Ты што? Ты што? Ты памыліўся, мабыць? Гэта ж... цябе...

Ропат. Ды не, трымай пад дыхала, Палікар. Птушка вылецела. Я забіў яго.

Палікар (ціха). Божа. Няўжо дарэмна? Нічога, Ропат, за гэты жарт пажартую з табою і я. Перш чым зляціць твая галава, яна ўбачыць, як будуць караць ганьбаю і смерцю званы. Яны ж крычалі тваім голасам? Ну вось, быць нямымі і ім, і табе.

Кат з падручнымі падступаюць да вечавога звона. У падручных – бізуны, у ката – жароўня, і ў ёй клешчы.

Янка Гужнішчаў, званар, што ўдарыў першы.

Гужнішчаў выходзіць з натоўпу асуджаных.

Памрэш і ты. Але раней убачыш, як мы заторкнем глотку твайму гарладзёру. Як адхвошчам яго гнойнымі бізунамі. Як вырвем язык.

Падручныя пачынаюць наводмаш хвастаць звон бізунамі. На баках звона брудныя пісягі.

Вось табе. Вось табе. Вось табе. Крычы, што ж ты не крычыш? Тады дык гарлаў на ўсю зямлю.

Кат дачырвана разжаранымі клешчамі вырывае звону язык.

Яшчэ яму, яшчэ. Ну, чаго ж не крычыш?

Званар. Вы яго мацней, мацней. Гэх, не ўмееце. Ану – я. (Выдраў бізун з рук падручных і – пад абураны ўздых натоўпу – аперазаў звон, які раптам адказаў трывожным гулкім уздыхам. I яшчэ. Яшчэ.) Бачыш, ён крычыць, толькі калі б’юць свае. (Кінуў бізун Палікару, які машынальна падхапіў яго.) Бачыш, калі трэба, мы крычым і без языка. (Ён плюнуў Палікару пад ногі і стаў спакойна падымацца на эшафот.)

Сапега. Хто прыдумаў камедыю з хвастаннем звона?

Корвін. Дарафей і... гэты... Касінскі. Духоўнік.

Сапега. Спеліся. А зараз унь у цяньку стаяць.

Ропат раптам крэкнуў, вызваліўся і спакойна пайшоў за званаром. Узышлі на эшафот, сталі побач.

Ропат. Бывайце, людзі. Ніхто не вырве нас з іхніх кіпцюроў, калі не вырвемся самі. А мы бачым: яны абрыдлі ўсім так, што ўся краіна блюе, гледзячы на іх. Нават моцныя людзі. Вось князь Юры Збаражскі кажа на сейме: “Але чаго яны хочуць ад гэтага шаноўнага народу – гэтага я ніякім чынам зразумець не магу: таму што калі хочуць, каб у Белай Русі не было Белай Русі, то гэта справа немагчымая, усё адно як калі б яны захацелі, каб мора было каля Самбара або Кракава, а горы Бяшчадскія – ля Данцыга”. Ніякім розумам, ніякім гвалтам нельга дасягнуць таго, каб у Віцебску не было Віцебска, каб на нашай зямлі не было нашай зямлі.

Паўза.

Гэта сказаў паляк.

Паўза.

Гэта ж гаворым сваёй смерцю і мы. Вам не заглушыць Віцебскага набата. Вам не заглушыць званоў нашай зямлі.

Ён і званар знікаюць за балюстрадай. Пасля адтуль далятаюць два глухія ўдары сякеры.

Сапега. Я пайду. Мне тут больш няма чаго рабіць. (Ён спускаецца са сходаў і заходзіць за выступ мура, дзе стаіць Палікар.) Што, карыстаючыся адным агаворам, адправіў на смерць саперніка?

Палікар. Ды не, не, ніякі ён не... Сам караюся!

Сапега. Ты... ты проста гніда. (Даў тысячніку поўху.)

Палікар схапіўся быў за зброю, але варта абступіла кацлера.

(Сапега, ідучы прэч, ціха сказаў начальніку варты.) Вось што. Бачыце Касінскага і Дарафея? Пойдзеце з самымі вернымі за імі. Ну вось. Ворагі загінулі. Моцныя ворагі. Будзе неяк не зусім справядліва, калі правасуддзе не пацікавіцца падбухторшчыкам і выканаўцам. (Пайшоў.)