Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 31
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Палікар. Што, Вольха, з радасці, што з катавальні выйшаў, пэўна, і “Куліну” сваю заспяваў бы? “Гэй, казачэйку, пане ж мой... Ён гаруе. Ён чатуе. Дзе паеду – здабуду”. Не здабылі вас адсюль казакі твае.
Вольха. Пане мой божа, толькі з катавальні, і першае, што ўбачыў, – гэта багабрыдкая морда насустрач. Лепей бы там застаўся. Няма каб, скажам, Ропат або яшчэ хто.
Палікар. Ропат? Які Ропат? Быў хіба некалі такі? Ропат? Га?
Багуся. Гнусь.
Вольха. Азадак твой яго памятае. А забудзеш – ён табе напамяне яшчэ.
Палікар. Не напамяне. Нічога ён ужо нікому не напамяне. Шкада, схібіў я, прамахнуўся. Думаў, у пары з ёю – ён. Ну і зрабіў падаруначак да...
Багуся. Не слухай.
Палікар. ...да вызвалення ад дыбы, ад... Выгнанне цябе ўсё ж чакае. I я табе скрутачак адзін такі ў дарогу дам... Круглы.
Багуся. Вольха! Брэша!
Вольха. Не, тут нешта не тое... Гэй, люд, Ропат дзе? Ропат дзе, кажу?
Голас. Толькі што адсеклі галаву Ропату, Антоні. Прызнаўся, што гэта ён секануў гізаўрай.
Вольха. Гэта... Гэта як жа?.. А я? У мяне чаго не спыталі?
Голас. Маўчы, Вольха. Маўчалі ж месяцы. Цяпер ужо нічога не папішаш.
Абдзярыха. Сцісніся.
Мамка. Маўчы, мы бачым.
Палікар. Ну, ясна. Ці мог ён, каб яна твар у твар з дыбай. Ясна, не мог.
Вольха. Усё.
Палікар. Гэх ён, бацьказабойца. Паказаць сябе захацеў: “Бабу, маўляў, пусціце”.
Мамка. Забіты ён. Сцісніся. Усё адно.
Багуся. Усё адно.
Вольха. Не, дзяўчынанька, не. Не ўсё адно. Я краў, я і адказ трымаць буду. Названага брата кінуць аднаго не магу. Душа ягоная там плача. А калі няма дзе ёй там плакаць – а відаць няма дзе, – калі паўсюль на зямлі такое паскудства, дык хаця не дазволю, каб пэцкалі ягоную памяць бацьказабойствам. На нас і без таго да восьмага калена будуць ліць гразь, яны гэта ўмеюць. На наша з табою імя – хай сабе. Але пэцкаць дваццаць пяць вежаў горада яшчэ і такой маною – такога я ім не дам. Адвярні морду, ты...
Багуся. “У ложу тваю, мой каханы, маленькаю”... Вазьмі мяне з сабою.
Вольха. Не трэба, маленькая. Ты яшчэ пажыві, колькі хочаш, павесяліся з сонцам. А я парадуюся на цябе, пакуль разам не...
Мамка. Ды што ён, п’яны?
Абдзярыха. Ён заўсёды п’яны. Дзе не крывёю, там гарэлкай. Такі халуй за чарку ад пана ад Варшавы да самой Масквы, па іржышчы, голым носам вош пагоніць.