Читать «Званы Віцебска» онлайн - страница 28

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Абдзярыха. Катавалі, люцыпары.

Сапега. ...аб такім мяцяжы і яўным нядаўнім злачынстве, вырашылі скончыць гэтую справу без усякай затрымкі і апеляцыі. Разгледзеўшы абвінавачванні капітула, выслухаўшы скаргі тых, што знаходзіліся побач з блажэнныя памяці біскупам, камісарскі суд вінаваціць усіх мяшчан Віцебска і шматлікіх з Оршы, Магілёва, Полацка і Вільні ў тым, што наводзілі на дзяржаўную здраду народ. Што склалі змову супраць уніі яшчэ ў лютым 1621 года. ПІто, не жадаючы падпасці суду, узяліся за камяні і, скінуўшы на знак змовы і мяцяжу шапкі ў адну кучу, абразілі ў асобе войта яго каралеўскую вялікасць.

Мамка. Інстыгатар патрабаваў, каб аддалі катаванням.

Крык з сутарэння.

Што гэта?

Абдзярыха. З Нешы прызнанне выдзіраюць.

Мамка. I што?

Абдзярыха. Як іншыя.

Мамка. Маўчыць?

Абдзярыха.А няўжо ж перад такімі гаварыць, любка?

Сапега. ...забілі. Абклалі саломаю дом біскупа і хацелі былі спаліць. Слуг – каго пабілі, а каго збілі: Дарафея Лейціковіча, архідыякана, Мікалая Акалова, Эмануіла Кантакузіна, грэка, Рыгора Ушацкага, Фаму Сяляву і іншых многіх... Усё разрабавалі, і ўбытку ад таго 3079 злотых... Напала каля тысячы чалавек, і разам з простым народам бурмістры Навум Воўк, Сымон Неша, Сцяпан Пасіёра, і ратманы, і лаўнікі многія. Таму ўсіх іх, колькасцю да ста чалавек, асудзіць завочна на смерць, дзе б толькі ні адшукалі.

Голас. Што ж ты... Ізахвату адно, а мы бачым другое?! Як глядзіш ты нам у вочы?! У сабакі вочы пазычыўшы?!

Сапега. Тых жа, хто ў закаранеласці не ўцёк і каго, папаймаўшы, страж адправуем, у вязеню маючы: Навума Воўка, Сымона Нешу – бурмістраў, Яна Гужнішчава – які біў у ратушны звон, Грышку Скаруту, Гаўрылу Раманавіча, Іермака Гайдука, Фурсу, шапавалавага сына, Багдана Кузняца, Грышку Бібку, Гаўрылу Пушкара, Ісаака Любчына, Івана Аквіна, Рамана Даніловіча, Фёдара Казака, гаршэчніка, Фёдара Цацэку, Якава Шынкара, Сцяпана Труховіча, Васіля Фірса, Пятра Васільевіча, палачаніна, – пакараць смерцю – праз адсячэнне галавы на плошчы перад былой ратушай бясслаўнага места Віцебскага. Прысуд выканаць неадкладна.

Галасы. – Як былой?

– Ды што яны там?

Яшчэ смуты не бачылі?

Сапега. Маёмасць усіх канфіскаваць.

Абдзярыха. Безгаловага жабрацтвам не настрашыш!

Сапега. Увесь Віцебск прызнаць вінаватым, Майдэборскага права і ўсіх увогуле правоў пазбавіць. Ратушу, у якой склалася змова, разбурыць.

Палікар. Муляраў сюды.

Пасля некаторага замяшання і збянтэжання варта выводзіць двух муляраў, што нясуць насілы з цамянкай.

Корвін. Што там за шум?

Палікар. Гэта я падбаў. Каб бачылі. Каб ужо сёння пачалі замазваць усе прадухі ў склепе. Бурыць пачнуць, а там жа ўсё канфіскаванае майно. Не трэба, каб яго дождж або снег псулі. I унь на камені выбітыя аршыны і сажэні: звяраць. Замазаць іх. Зныня і назаўсёды гандлю ў горадзе – канец.