Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 7
Васіль Быкаў
Дагэтуль у Шастака ўсё ішло быццам няблага. Яго ня білі на допытах, абыходзіліся ветліва, з павагай, здаралася, нават частавалі гарбатай з цукеркамі. А тут нешта перамянілася. Тыдні два яго зусім не вадзілі да сьледчага, быццам забыліся, што ён тут сядзіць і чакае. Пасьля павялі на суд. Шастак думаў, што ў адносінах да яго суд – пустая фармальнасьць, але на справе аказалася ня так. Не фармальнасьць. Найперш да яго адразу зласьліва паставіліся канваіры, сурова сустрэлі судзьдзі. Кароткі злы допыт здаўся яму недарэчным: мусіць, гэтыя судзьдзі ня ведалі, што ў яго інакшая, чымся ў астатніх, справа. Пэўна, ня ведалі. Магчыма, сьледчы Кутасаў штосьці не перадаў ім. Якіх папераў ці якіх указаньняў. I калі яму аб’явілі: да вышэйшай меры з канфіскацыяй маёмасьці, ён найперш шчыра зьдзівіўся. Але тут жа падумаў, што, мабыць, так трэба. Усё ж ён там быў не адзін – іх было шмат, абвінавачаных ворагаў народа. Значыць, яго трэба было прыкрываць, каб не западозрылі іншыя. Хоць бы й той самы Казёл Аўтух, які таксама атрымаў вышку. А пасьля, можа, Шастака і выпусьцяць. Бо завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзіць трэба за ягоныя пяцімесячныя турботы ў турме, за паслугі, якія ён аказваў органам і партыі. Пасьля дзён колькі ён цярпліва чакаў у камэры, ды марна. Тады пачаў патрабаваць сьледчага, таго ж Кутасава. Аднойчы, калі ён, дужа затрывожаны, грукаў у дзьверы, увайшлі два наглядчыкі й пачалі яго біць. Тады ён адчуў выразна, што ягоная справа дрэнь. Але ўсё роўна не хацелася верыць у кепскае, чакаў, што нарэшце Кутасаў яго пакліча, і ўсё стане, як трэба. А калі ня кліча, то, можа, яго няма ў турме, можа зьехаў куды ў камандзіроўку. У Маскву. Ня мог жа ён забыцца, што ў турме-«амэрыканцы» яго чакае верны памагаты органаў, партыец Шастак.
Ён выглядаў сьледчага ўначы на падворку, як іх вывелі для пасадкі ў машыну, але сьледчага не было і тут. Бы скрозь зямлю праваліўся. Тады Шастак пачаў думаць, што, мабыць, той зьявіцца перад самым расстрэлам і ў апошні момант адлучыць яго ад іншых. I ён думаў, што галоўнае для яго цяпер, як і раней, – не раскрыцца, не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак. Тады ўсё будзе добра. Павінна быць добра.