Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Падобна, машына выехала з гораду, а можа, і збочыла з шашы. Рух яе прыкметна запаволіўся, вялізную буду раз за разам трэсла і хістала на выбаінах, часам здавалася, вось-вось яна спыніцца, натужна равучы маторам. Партыец-бальшавік Шастак таксама добра ведаў гэтую дарогу і беспамылкова вызначыў, дзе яны едуць. Чым далей ад’яжджалі ад турмы, тым ён турбаваўся ўсё болей. У турме за паўгода адсідкі ён не сказаць, каб надта і непакоіўся – там у яго былі свае абавязкі: дагадзіць сьледчым, запомніць і як мага дакладней перадаць ім, пра што гаварылі арыштанты. Ужо другі год Шастак быў членам ВКП(б) і разумеў перадавую ролю рабочае клясы ды ейнага авангарду – партыі бальшавікоў. Ён няблага працаваў у дэпо, лічыўся ўдарнікам. Але калі ўжо здарылася такое, што ён апынуўся ў турме, дык і тут трэба паводзіць сябе, як бальшавік: памагаць органам выкрываць ворагаў. Усім ведама, што ворагі – страшэнна хітрыя людзі, яны ўсё тояцца, хітруюць і ашукваюць; патрэбныя д’ябальскія высілкі, каб іх выявіць і пакараць. I Шастак стараўся. Прыкідваўся дурнем, распытваў, слухаў і запамінаў, часам даваў парады. Як гэтаму аднаасобніку Казлу. Прыгаломшанаму і скатаванаму на першых допытах, параіў яму прызнацца ва ўсім і падпісаць, што патрабуюць сьледчыя: маўляў, тады дадуць меней, а то й пусьцяць дамоў. А будзе ўпарціцца – станецца горш, могуць і шлёпнуць. Казёл, здаецца, паверыў і пакрысе падпісаў. I праўда, сьледчы Кутасаў Шастака не ашукаў: Казла перасталі цягаць на допыты, той паспакайнеў і пачаў чакаць вызваленьня. Сьледчы пахваліў Шастака, які нават парадаваўся за Казла, падумаў, можа, і сапраўды выпусьцяць. Але менавіта пасьля гэтае справы з Казлом штось саскочыла і ў Шастака, падобна, у чымсь западозрылі яго самога. Западозрылі, ведама, па-дурному, ні ў чым ён ня быў вінаваты, бо ўсё рабіў, як казалі. I тое, што ад яго запатрабавалі падпісаць паказаньні аб шкодніцтве на чыгунцы, сьпярша здалося яму непаразуменьнем. Але ягоны сьледчы Кутасаў растлумачыў, што як член ВКП(б) ён абавязаны не пярэчыць органам, а пасабляць ім у іхнай ганаровай рабоце. I павінны памятаць, што органы не памыляюцца. Няхай нават каго абвінавацяць несправядліва, але так трэба, каб выкрыць асабліва небясьпечных лазутчыкаў, што зацясаліся ў згуртаваныя рады партыі. Зноў жа нехта павінны і ахвяраваць сабой, як гэта рабілі палымяныя рэвалюцыянэры, – дзеля інтарэсаў рабочае клясы, у імя вялікіх ідэяў Леніна-Сталіна. Партыя ацэніць усё па-справядлівасьці і не забудзе нічыіх ахвяраў. Такі паварот справы ня дужа падабаўся Шастаку. Натуральна, ён гатовы быў і далей дапамагаць партыі і яе органам, і ўжо нямала зрабіў для таго, але адчуваў, што той шлях, на які яго падштурхоўваў сьледчы, усё ж тоіць у сабе небясьпеку. Адзінае, што суцяшала яго, дык гэта тое бясспрэчнае меркаваньне, што партыі лепей відаць, мабыць, так трэба, партыя не памыляецца. I, сьцяўшы сэрца, ён пагадзіўся. Падпісаў паперы, быццам ён, Шастак Мікалай Іванавіч, зьяўляецца ўдзельнікам групы шкоднікаў пад назвай «Наперад за свабоду» (НЗС), якую ачольвае намесьнік наркама шляхоў зносін. Сказалі, што ён мог бы ўдзельнічаць там і па заданьні органаў, і Шастак ужо ведаў, што бывае й так. Галоўнае – пагадзіцца і падпісаць, а пасьля на судзе ўсё адкруцяць назад, і яго апраўдаюць. Судзьдзі – яны кваліфікаваныя чэкісты, і свайго чалавека з органаў не дадуць у крыўду.