Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Гэта быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыі. Ён ужо стаміўся апраўдвацца і на допытах збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагі і пабоі як штось правамернае і заслужанае. Паміж допытамі жыў у роспачных успамінах аб сваім даўнім, дарэвалюцыйным, гэткім не падобным на цяперашняе, жыцьці. Хоць і там было рознае, але была вучоба, вайсковая служба і нават два перадваенныя падарожжы – у Баварыю і Аўстрыйскія Альпы. У Кракаве ён ніколі ня быў і ня думаў, што гэты незнаёмы горад так трагічна прычыніцца да ягонага лёсу.
Часам бывала, калі трохі сьціхаў вэрхал у камэры, Валяр’янаў маліўся – размаўляў з Богам. Прасіў у яго – не за сябе – за двух маленькіх дзетак, што засталіся цяпер немаведама дзе. Болей яму маліцца не было за каго. Прасіць Бога за жонку, мабыць, ня мела сэнсу – ведаючы яе характар, Валяр’янаў думаў, што па-добраму зь ёй не абыдуцца. А на зло яна кідаецца, нібы тыгрыца, не паглядзіць, хто перад ёй – сьледчы, канваір ці нават начальнік турмы, яна ня зважыць ні на чын, ні на сілу. Арыштаваўшы, чэкісты павялі яе са зьвязанымі рукамі. З уласнага досьведу Валяр’янаў ведаў, што такія характары ў турме доўга не вытрымліваюць. Або іх забіваюць, або яны – самі забіваюць сябе. Страціўшы ў рэвалюцыі першую жонку-дваранку, ён ажаніўся з дворнікавай дачкой Дусяй, думаў, што цяпер прыйшоў іхны час. Але памыліўся. Час настаў, відаць, зусім непрыдатны ні для тых, ні для іншых. Не далі жыць з Дусяй, не далі жыць і самой Дусі. I во засталіся цяпер дзьве дзяўчынкі-дашкольніцы, што зь імі будзе?
Пра тое, што неўзабаве будзе зь ім самім, Антон Аркадзевіч ня надта турбаваўся, ён разумеў, што прысуд яму вынесены не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў сямнаццатым. I то цуд, што ён пражыў пасьля яшчэ столькі гадоў, – тэарэтычна тое было немагчыма, – практычна ж неяк атрымалася. Толькі навошта? Што далі яму тыя дадатковыя гады жыцьця? Несканчоную плойму страху, клопату, рызыкі – за сябе, за жонку, за малых дзяцей. Усё ж, мабыць, кепска ён зрабіў, што ажаніўся і пусьціў на сьвет галоту, бязбацькавічаў. На што спадзявацца малечы бяз бацькі і маткі – на добрых людзей? Але дзе тыя добрыя людзі. Вывеліся дарэшты. Асталася надзея на сьвятое правідзеньне, на Госпада, які няўжо не паможа? Няўжо ня возьме пад сваю боскую апеку маленькіх бездапаможных анёлкаў?