Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
– Быў і астаюся. Ужо не адмоўлюся, не такі. Перад парціяй я чысты.
Машыну моцна трасянула на нейкай калдобіне, паэт Фэлікс Гром аж войкнуў ад болю ўсярэдзіне. Хтось сьпераду ў цемры вылаяўся:
– Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу іх маць!..
– А цішай нельга? – зласьліва папракнуў Сурвіла.
– А што цішай?! Цішай-цішай! Ды пайшлі вы…
– Ты хто? Як прозьвішча?
– А табе што? Ты сьледчы?
– А хоць бы й так.
– Ну, Зайкоўскі. Калі сьледчы, дык, мабыць, запісана ў вашым сраным прыгаворы. Такую іх маць… Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскі чмур! – вызьверыўся ён на кагосьці ў цемры. – У мяне во рука зламаная…
Здаровай рукой Зайкоўскі піхнуў у плечы суседа, які на паваротах няўзнак дужа хіліўся да яго і вярэдзіў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся які тыдзень таму на допыце, калі яго з паўгадзіны ахаджвалі два сьледчыя – малады, танклявы, як гліст, і пажылы – вусаты, з ордэнам на гімнасьцёрцы. Дабіваліся падпісаць, што ён польскі шпіён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвішчы Млынец. Але Зайкоўскі ня быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскі грабежнік, які надумаў ратавацца ад крымінальнага вышуку ў Менску. У Маскве за ім лічылі аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (ці не чатырнаццаць) і ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукі ні крымінальнаму вышуку, ні ГПУ, ні міліцыі. Аж покуль яго ня выдала палюбоўніца Вандзя. Подлая стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такі вёрткі і ўцёк зь міліцыі, замачыўшы аднаго мільтона. I скеміў, што ў Маскве ягоныя справы скончыліся, трэба рваць кіпці. Тады ён успомніў, што ў Менску некалі пражываў ягоны дзядзька, зь якім ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вуліцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў маху: дзядзька кудысьці вытрахнуўся, у зялёным, з садком дамку жылі іншыя людзі, якія пра дзядзьку й ня чулі. Дзе было яго шукаць і дзе начаваць нават? Пайшоў на вакзал. Ведаў жа: вакзалы – ня самае лепшае месца для такіх, як ён, валацугаў. Але здорава нахадзіўся за дзень, прытаміўся, якраз лінуў дождж, і ён думаў пасядзець крыху, абсохнуць. Ды не стрываў – заснуў. На вакзале яго і ўзялі. Проста гэтак, з усьмешкай два мільтоны папрасілі прайсьці. Во і прайшоў свой надта кароткі, блытаны шлях – ад вакзальнай лавы да лавы падсудных. I цяпер – вышэйшая мера.
Каб ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сілы, яшчэ ня ўсю яе выбілі на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лічы, аднарукі. А з адной рукой – квіты, і кранты. I Зайкоўскі толькі кусаў вусны – ад болю і роспачы, што нічога ня мог перайначыць у сваім недарэчным лёсе.
Між тым, аблаяны ім буржуйскі чмур Валяр’янаў адхіснуўся ад сварлівага суседа і не прамовіў ні слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабілася навакол, і звыкла жыў у сьвеце ўласных думак – адзіным сьвеце, у які мог не пушчаць нікога. Нават у турме. Ні з кепскім, ні з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як і звычайная чалавечая спагада, прыветнасьць, што абарочваліся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр’янава, што пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, які зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску і гадаваў двух маленькіх дзяўчатак. Сястра паспагадала. Вясной пад каталіцкі Вялікдзень Валяр’янаў атрымаў на пошце маленькі пакуначак зь нетутэйшымі штампамі, і знайшоў там дзьве дзіцячыя сукеначкі, белыя панчошкі, безапасную брытву для сябе і пакецік цукерак у блішчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялікая радасьць, ды й ён парадаваўся – найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад сястрычкі-гімназісткі, якую, думаў, назаўжды страціў у дзевятнаццатым годзе, калі яны разьвіталіся ў Кіеве. Аднак нядоўгаю была тая іх радасьць. Не мінула і месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалі. Жонка Дуся ўскочыла з ложка і адразу залямантавала – яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся адразу, адчыніў дзьверы і ўжо не зачыніў іх – зачынілі за ім чужыя. Таксама як і за жонкай, якая білася ў істэрыцы і крычала, і кідалася на кожнага з цэлай зграі чэкістаў, што пераварочвалі ў іхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо назаўтра тыя сукеначкі і панчошкі сталі на сьледзтве рэчавымі доказамі ягоных шпіёнскіх сувязяў з польскай разьведкай.