Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 2
Васіль Быкаў
Купцова застрэліў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кінуўся на яго з кулакамі. А кулакі ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такія, што двума ўдарамі мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвіла пасьпеў прымяніць зброю. Так што, як глядзець, як вінаваціць. Калі строга, паводле новай правазаконнасьці, дык, можа, і правільна, – ён вінаваты. А калі паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай… Зрэшты, ён ня дужа і апраўдваўся – прызнаў усё. Але ў глыбіні душы хацелася спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскі шпіён ці беларускі нацыяналіст. Ён жа свой брат чэкіст. Павінны ж на тое зважаць. I цяпер яму крыўдна, што ня зважылі на розьніцу паміж ім і сапраўднымі ворагамі народа, піхнулі ў гэтую машыну зь іншымі разам. З гэтымі шпіёнамі і шкоднікамі, нацыяналістам і нават недарэзаным буржуем. Кінулі ў адну машыну і яшчэ, глядзі, кінуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунізм, правы ўхіл. Ці нават шкодніцтва ў саміх органах.
У машыне панавала цішыня, толькі чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось паскрыпвае ў куце буды, асабліва калі машына трапляе на выбаіну.
– Гэтак! На кудыкіну, кажаце? – ня мог чагосьці ўцяміць Аўтух і зусім апанурыўся ад кепскага прадчуваньня. Відаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, і ў хуткім часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблізу сядзеў ягоны зямляк, нават аднавясковец, хоць і ўдвая маладзейшы за яго, з гэткім самым прозьвішчам Казёл. Як навучыўся на настаўніка і пачаў пісаць вершы, дык зьмяніў тое нягеглае прозьвішча на лепшае і падпісваўся пад вершамі, што часам друкаваліся ў газэтах, Фэлікс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькі чуў пра іх ад людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь ім гаварылі мала, болей пра тое, як гэты Фэлікс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух ціха паклікаў:
– Фэля, а Фэля?
– Ну! – пачулася здаля ў машыне.
– Куды гэта нас вязуць?
– На выкананьне прыгавору, – зь нядобрым надломам у голасе адказаў Фэлікс. I менавіта гэты выразна адчуты надлом яшчэ болей устрывожыў Аўтуха.