Читать «Жоўты пясочак» онлайн - страница 17

Васіль Быкаў

– Насьпісься! – сказаў Сурвіла. – Хутка засьнеш вечным сном.

– А хрэн зь ім! Чым такая жызьня! – вылаяўся грабежнік і зноў выцягся ўпоперак буды сваім доўгім целам.

Яны зноў няхутка ехалі па гразкай, выбаістай дарозе, за імі нягучна гурчэла другая машына. Усе, аднак, адчувалі, што хутка іхны задоўжаны шлях скончыцца. Кожны стараўся ня надта думаць пра самы-самы канец, а ўсё роўна думалася. Фэлікс Гром яшчэ ад суда і прыгавору ўсё ўяўляў сабе, як яго будуць расстрэльваць. Дакладна тае жахлівае працэдуры ён, натуральна, ня ведаў, але з кіно памятаў, як расстрэльвалі парыскіх камунараў. Роўная шарэнга стралкоў, выстаўленыя наперад палкі-вінтоўкі, скіраваныя ў ахвяраў ля цаглянай сьцяны. Тыя ў белых кашулях, з горда выпнутымі грудзямі. I залп. Лёгкі сіні дьмок ад вінтовачных руляў, праклён т’ераўскім катам… Прыгожа! Але дзе тут для іх шарэнга стралкоў? Тры вінтоўкі – тых, з задняй машыны, ды пісталет у начальніка – які ж тут залп? I хто закрычыць праклён? Ужо ён, Фэлікс, ня будзе крычаць нічога – хай яны пагараць усе разам: і каты, і іхныя ахвяры. Увесь час, што ён прабыў у турме і на сьледзтве, ён наракаў на Аўтуха і ягоную сялянскую дурноту. А як выявілася цяпер, былі там і горшыя за Аўтуха арыштанты. Хоць бы вось гэты Шастак. У камэры Фэлікс яшчэ размаўляў зь ім, нешта расказваў пра літаратуру. Трэба было! Ды ці Шастак быў там адзін. Добра яшчэ, што зь імі не сядзеў Сурвіла, мабыць, таго трымалі ў асобнай камэры. У чэкістаў і камэры асобныя. Як і ўсё іншае ў іхным жыцьці. Толькі паэт – сярод простага народа, безь якіх дабротаў і прывілеяў. Фэлікс Гром ужо шчыра шкадаваў, што некалі ўлёг у літаратуру, вучыўся, – лепш бы застаўся непісьменным. Ягоны малодшы брат скончыў чатыры клясы і рабіў у калгасе. Неяк будзе жыць бяз кніг і бязь вершаў. А што яму дало ягонае памкненьне ў літаратуру?

Але ж во і дзядзька Аўтух таксама не пісаў вершаў. I наўрад ці калі чытаў іх. I цяпер яны будуць ці не ў адной яме разам.

Так, Аўтух Казёл на тым часе клапаціўся не пра якія там вершы, у яго быў зусім іншы клопат – бульбяны. Вядома, ён разумеў, што ня час было думаць пра тое. Але во думалася. Недзе пад лесам застаўся шнурок нявыбранай бульбы, выйшла няўпраўка, як ня стала каня. А той шнурок трэба было выбраць найперш. А то разыдуцца дажджы, заліе лагчыну, тады ня ўлезеш на яе і з канём. Ці здагадаецца пра тое жонка? Прападзе бульбачка, а што есьці ўзімку? Хоць цяпер едакоў і паменее, але паменее і работнікаў. Зноў жа скаціна…

Машына цяжка нахілілася ўсёй будай, пасьля задралася ўгару кабінай, збочыла, пераваліла нейкі раўчук і дужа страсянула ўсіх пасажыраў. Зайкоўскі незадаволена падняўся ў змроку і сеў, прысланіўшыся сьпінаю да жалезнай сьцяны. Але, падобна, штосьці адчуў і ня лаяўся. Ды й астатнія адчулі, што, мабыць, прыехалі. Дзьверы буды пакуль не расчыняліся, іх не выпускалі. Там, знадворку, штось перагаворвалася ахова, хтосьці пабег некага клікаць. Відаць па ўсім, там рыхтаваліся. I во нарэшце дзьверы расчыніліся. Трошкі нахіленая, машына стаяла ў маладым хвойным ляску.