Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 122

К Акула

На Дунiным твары адлюстраваўся ўвесь жах ранейшага перажываньня. Яна не магла здабыцца на слова.

- Ня бойся, дачушка, - схапiла Макатунiха яе ласкава за руку. - Гэта табе, пэўня, здалося.

- Каб-жа здалося, мамачка, дык не. Я й сягоньнiка чую яго. Я давай подбегам, ды аж уся калачуся. А тутака ўжо цямнеiцца. А гэны страшны голас ня толькi ня сунiмаiцца, а, здаецца, яшчэ расьцець i расьцець... Я давай ходу, а тутака, здаецца, мяне за падол ззаду нехта дзяржыць. I што далей было, дык ня помню. Цi нi аб шпалу якую я нагой зачапiлася ды пад адхон кульнулася. Сэрца маё, як малатком, чаго з грудзей ня выскачыць. Я, мусiць, тады памяць згубiла, бо нi знаю, як доўга лiжала. Прышла да сябе, як цягнiк iшоў. Расплюшчыла вочы, чую што прамокла, нiтачкi сухой на мне нiма. Дык я ўстала, ды - адкуль ногi ўзялiся - бягу колькi мага сiлы. Гэдак пёрла, што на цэлы сьвет забылася. Адзежа на мне ўся ад гэнага бегу сагрэлася. Аж спацела. Ды-ж дадому кусок дарогi. Змарылася, задыхалася. Мусiць, iзноў прамокла й прастыла. Пакуль прыйшла, дык мяне прабрала да самых костачак...

- А мая-ж ты дачушка, а мая мiленькая, - шкадавала дзяўчыну матка, трымаючы яе худую руку, - казала-ж табе: кiдай гэту школу, начорта яна табе. Чуць во на той сьвет нi пашла. А божачкi мае сьвятыя, усякiя пранцы во на нас, нiяк ад бяды нi адкапаiсься...

Макатунiха памаўчала, ды працягвала больш станоўкiм голасам:

- Ня пойдзiш болi ў школу, от што. Гэта здуру выдумала чорт знаiць што. Трэба было мне адразу разумнай быць дый нi пусьцiць. Гэта-ж нi жартачкi, чуць выжыла... Дурная я. Думаю - нiхай сабе йдзець. А што яна табе дасьць, тая навука, га? Паняй усiроўна ня будзiш! Садзiся во з намi кудзелю прасьцi. Гэта й бiз навукi можаш. Другiя дзiўчаты прадуць, i ты будзiш...

Васiльковыя вочы вандравалi дзесьцi далёка - мусiць, там, дзе былi дзяўчынiны думкi. Цяжка гадаць, што ў гэны час думала наймаладзейшая Макатунiшка. Цi пра тое, што падчас штодзённых школьных падарожжаў ня мела пры сабе Янука, цi варажыла, навошта ей навука спатрэбiцца, цi шкадавала змарнаваных грошы на абутак i вопратку, дый што цяпер не было з таго нiякаяе карысьцi...

Тымчасам пагадзiлася зь лёсам i пакiнула гацкую школу.

XII

Доўгiя васеньнiя й зiмовыя вечары спрыялi Януковаму паглыбленьню ў вясковы сьвет. Iз большай пiльнасьцю ды ўвагай пачаў ён прыглядацца й прыслухоўвацца людзям. Часта можна было бачыць яго ў каторай хаце, як маўклiва сядзеў i пiльна лавiў вухам тое, што гаварылi старэйшыя. А ў гамонцы было шмат цiкавага й пра сваё жыцьцё й пра "палiтыку". Амаль заўсёды наўзьверх усплывала тэма народнае нядолi, спалучаная з надзеямi на палепшаньне ў будучынi.

Янук нiколi не мiнаў нагоды, каб паслухаць, што гаварыў "Мiнск". А гаварыў ён шмат: i аб беспрасьветнай галiце заходнябеларускiх сялян i рабочых пад панскiм панаваньнем, i аб зьверствах польскiх акупантаў над камунiстымi й звычайнымi людзьмi, i аб лепшай будучынi, што, быццам, мае прыйсцi для гэтых прыгнечаных людзей з дапамогай "братоў з-за мяжы", i аб нейкай ахвярнасьцi "лепшых народных сыноў - камунiстых", дык крыху бянтэжыўся. Што гэта за "яны" й дзе яны былi такiя лепшыя? Цi мо да iх належаў i гэты самы Косьцiк Сабакевiч, самы першы злодзей i апрышак, якога цэлая вёска праклiнала? Каму-ж ён, гэты вырадак, у Лiтоўцах на мазоль нi наступiў? Ён на бацьку з нажом кiнуўся, камунiстычныя афiшкi падклаў. Гэта за яго палiцыя бацьку ледзь не закатавала й здароўе яму адабрала. Калi такi чалавек належаў да "лепшых народных сыноў", што за агульнае дабро свае галовы клалi, дык якiя тады мелi быць "горшыя сыны"? Тутака Янук прыходзiў у тупiк, зь якога - намагайся колькi хочаш - не знаходзiў выхаду.