Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 120

К Акула

Палiцыянты прыгадалi, як Пракоп iх iз хаты на вачох усяго вясковага народу выгнаў, i такое Алесява тлумачэньне аб Пракопавым добрым характары шкляна-лядзянымi позiркамi сустрэлi. Не знайшоў на тых сыценькiх тварах Алесь анi макулiнкi зразуменьня цi спагады. Тады папрасiў iз Пракопам пабачыцца.

Калi Вадзiмскi завёў яго ў "козу", швагра, зiрнуўшы на Бахмача, жахнуўся. Пракоп, увесь скатаваны, круцiўся ў немачы й енках на цэмантовай падлозе, не пазнаючы сваяка. Прабаваў Алесь гаварыць. Дарэмна. Тады спытаўся Мэндлiка, калi-ж можна чалавека дома спадзявацца.

- За пару днёў, можа. Залежыць, калi прызнаецца, - адказаў суха Паляк. Можа, гадок цi больш яму ў вязьнiцы палячыцца прыдзецца...

Бяз слова выйшаў Алесь на зьмярканьнi з пастарунку. Ягонай злосьцi й болю не было межаў.

- Гэта-ж так чалавека зьнявечыць, каб ваўкi вашу панскую падлу цягалi, каб вас, каб вас...

Скрыгаталi зубы й да болю цiснулiся песьцi.

Аж на трэцi дзень адпусьцiлi Пракопа, не дастаўшы ад яго прызнаньня. Алесь прывёз яго, лежачага, стогнучага на высланай уздоўж сенам калясцы. Чалавек ледзь лiпеў. Iзноў гудзела Пракопава хата галасамi ўсiх лiтоўскiх. Аглядалi Бахмача, злавалiся, лаялi чужыя ўлады.

- Чалавека нявiннага чуць на сьмерць не забiлi й шукай ты рады, - казаў адзiн.

- Гэта каб на суд iх!

- Пакуль ты ў iх якой праўды дойдзеш, дык яны зь цябе астатнюю кашулю зьнiмуць, от як. Мала во судзiлiся?

- Iхная права. Што хочуць - тоя робюць.

- А няўжо-ж цябе пытацца будуць... Наш чалавек для ях як якоя палена ёсьцiка...

Бяспраўныя людзi адчувалi нялюдзкi цяжар дзярлiвае ўлады й не маглi баранiцца цi адбiвацца.

Ля Пракопа хадзiлi спрактыкаваныя рукi суседа Зянкевiча. Вясковы лекар залечваў раны, як мог. Ягонае добрае сяброўскае слова памагала Бахмачу ня менш, чымся лекi. Паволi, але паступова Бахмач пачаў крэпнуць i пад восень, як здавалася, зусiм ачуняў. Адылi адно звонку. Скардзiўся на розныя нутраныя болi, асунуўся, згорбiўся, пастарэў. Назаўсёды зьнiкла яго рухавасьць дый нават тая макулiнка жыцьцёвае радасьцi, што была ў iм раней, пакуль на сям'ю не напала пошасьць з двох бакоў.

Людзi, калi сустракалi цяпер павольнага, зломанага Пракопа, глядзелi на яго iз спачуваньнем, а за вочы кiвалi галовамi. Дый што-ж тут чалавеку паможаш? Кажны свае бяды меў. А цi была такая йстота, каб усе гэныя беды зьведала-перамерыла, дый каб тым найцяжэй пакрыўджаным помач паклiкала?

Пракоп працаваў, як мог, пры гаспадарцы. Адылi стаўся чалавекам фiзычна нямоглым, цэлы час лiзаў свае раны, стагнаў-наракаў на болi то ў баку, то ў сьпiне, то ў грудзёх, то ў якiм iншым мейсцы. На пастарунку ў Гацях пакiнуў колькi зубоў. Адась Вадзiмскi адабраў ад гэтага борздага й цягавiтага чалавека ладную долю ягонага здароўя, зрабiў вялiкi ўрон на будучыню.