Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 121

К Акула

Ад пастуховай пугi ў Лазоўскага пятнаццацiгадовы Янук быў цяпер як-бы катапультай перакiнуты на галоўнага цяглавiка Бахмачовай гаспадаркi. Галоўнасьць гэта была ў тым, што на iм - ня гледзячы на ягоны век - ляжаў цяперака асноўны цяжар фiзычнае працы. Бацька й Мiкола былi паўiнвалiдамi. Дзiва няма, што Янук стараўся выручаць iх пры цяжэйшых работах. На юнацкiх рукох увачавiдкi павырасталi й цьвёрдай падэшвай узбуйнелi мазалi. Ныла начамi ад цяжкай працы цела. Пракопу ажно давялося стрымлiваць хлопца. У такiя моманты дрыжэў вялiкiм палiтаваньнем бацькаў голас i накачвалiся ў вачох сьлёзы.

Сам Янук ня толькi больш нiколi не прыгадваў гацкае школы, але, калi бацька раз неяк памкнуўся штосьцi сказаць пра яе, хлапец зiрнуў яму ў вочы ды ўздыхнуў. I словамi нельга было больш выказаць. Запраўды: навошта цяпер навука? Практычная карысьць зь яе раўнялася-б нулю. Не адчынiць-жа яна дзьвяроў у сьвет, ня вызвалiць iз зачараванага кола, не прасалодзiць горкае посьнiцы-нiшчымнiцы. Закрытыя былi ўсе хады, пазапiханыя ўсе шчылiны-прадушыны.

XI

Неяк позьняй восеньню, у вялiкую золь, калi ўжо сьцямнелася, вярнулася Дуня са школы. Яна была наскрозь прамоклая. Твар быў бледны, вусны дрыжэлi, трасло ўсё цела. Мацi зiрнула на дачку й забегала ля яе, вохкаючы ды ахкаючы.

Гэтак пачалася Дунiна хвароба, што трывала добрых тры тыднi. Часамi аж да непрытомнасьцi ў гарачцы, дзяўчына душылася, ловячы перасохлым горлам паветра. Высахла як лучына. Чаго мацi нi прабавала: i зельля рознага, i нацiраньня, i банькi ставiла, i лекара Зянкевiча клiкала, дачка ўсё не магла выхадзiць хваробы. Сухi кашаль пярыў, як у дошку. Зянкевiч казаў, што дзяўчына мела запаленьне лёккiх.

Макатунiшыны жыцьцёвыя ўмовы - i перапоўненая хата, i брак добрых харчоў, i лекаў, i нармалёвае чысьцiнi - замiналi Дунiнаму ачуньваньню. Часта трызьнiла яна ў гарачцы, парэпаныя сухiя вусны вымаўлялi шмат чаго незразумелага. А матка, - бездапаможная ў гэтым новым горы - адно Богу не спыняла малiцца, прасiць Яго, каб з дапамогай прыйшоў. Адно калi аднойчы ранiцай дачка - iзь вялiкай натугай, здаецца - ледзь заўважна ўсьмiхнулася, а ў васiльковых вачох зьявiўся новы абнадзейваючы прамень, ведала старая Макатунiха, што Дуня неўзабаве ачуняе. Матцы як-бы хто стопудовы цяжар iз сэрца звалiў.

Калi Дуня ўжо даволi ачуняла, расказала матцы што здарылася ў гэны дзень па дарозе з гацкае школы.

- Iшла я дамоў калеяй. Дождж такi назолiсты й сьцюдзёны, такая золь, каб ты ведала мамачка... аж да касьцей пранiмаiць. А вецiр дык проста шквалам вадзяным у вочы смалiць... Лес па бакох выiць i выiць толька. Як возьмiцца вецiр кусты й дрэвы за чубы трасьцi, ды як возьмiцца галасiць, дык здаецца, што як якая зграя ваўкоў цi што. От-жа й страшна мне зрабiлася. Сьпяшу дамоў дый па бакох баюся аглянуцца. Толька-ж я пiраходжу гэны мост, што пiраз канаву з балота, тамака, дзе ўсе кажуць, што зданi здаюцца, а тутака мне раптам як зараве збоку нейкi чорт цi што, дык я так i замерла ад страху. Праўда, мамачка, я нi знаю што гэта было, алi я чула, я чула...