Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 118

К Акула

- Пацясьнiся, браток, паспагадай, прымi на службу майго Адася. Золата зь яго, а не палiцыянт, будзе. От пабачыш!

Гэткая прысалоджаная старым Вадзiмскiм прозьба нянадта Мэндлiку даспадобы прыйшлася. Дый ня мог-жа ўзяць ён недавука якога ў палiцыю. Перш трэба было на вышкаленьне аддаць, а тады... Ужо калi Адасяў бацька ў кiшэню палез i гаркаватай манаполькай свае прозьбы падмацаваў, тады Мэндлiк пачаў пераконваць паветавыя ўлады, што яму дапамога патрэбная. А як-жа! Вунь камунiстыя аж кiшаць навокал! Калi б чалавек чатыры рукi меў, дык не ўпараўся-б iзь iмi! Абавязкова палiцыю мацаваць трэба, безадвалочна!

Зусiм нядвузначна сказалi Мэндлiку павятовыя ўлады, што цэлая згваздка ў гэтак званым скарбе панствовым. Скарб гэны даволi-ткi худы, быццам, каб усiм, што ўраднiкамi хочуць быць - у тым лiку й пашыранай палiцыi - ля яго рукi можна было пагрэць. Вось, прыкладна, калi-б Мэндлiк узяўся часьцей колерам сялянскiх комiнаў ды платоў прыглядацца, або час ад часу водыр вясковых прыбiральняў сваiм панскiм носам праверыць мог, дый адзiн цi другi пратаколчык на залатовак пяток адчыканiць - дык чаму-ж, можа й якому лiшняму Адасю знайшлося-б на "панствовым пастарунку" мейсца. Вядома, што пан Мэндлiк за такую мудрую параду аберуч схапiўся. Зрэшты, што яму? Адась - чалавек пiсьменны, - казаў той, - пратаколаў колькi хочаш табе насьцёбае й справу як належыцца спрэцызуе, дый ногi ў яго ня зношаныя. А што мужыкi стагнаць будуць, дык што яму, Мэндлiку, да гэтага? Заплацяць, чорт iх ня возьме.

I вось гэткiм чынам, пасьля папярэдняга вышкаленьня, зьявiўся на "панствовым пастарунку" ў Гацях новы сябра чорнае сямейкi Адась Вадзiмскi. Як i трэба спадзявацца было, Адась намагаўся паказаць свае здольнасьцi з найбольш пазытыўнага боку. Служба яму вельмi да смаку прыйшлася. Хоць зялёным выглядаў ён мiж спрактыкаваных па службе сяброў, але надрабляў энтузiязмам. Ужо калi ў якую вёску едзе комiнам прыглядацца, цi пах прыбiральняў правяраць, або зь якiм кмецям справу мець, дык падрастаў Адась, быццам на дражджох. Каторага селянiна так абшурцуе, ды - няхай адно найменшая нагода - так "у халяву" плясьне, што аж "гвязды" ў беднага ў галаве народзяцца.

- Владза з тобон розмавя, хаме едэн! - падмацуе свае паводзiны Адась, калi здарыцца, што людзi ня выкажуць адпаведнае гэтай "владзы" пашаны.

Закружыла гэта "владза" Вадзiмскаму ў галаве. Няцяжка ўявiць, як чуўся ён пасьля тэй няўдалай вiзыты ў пошуках Сабакевiча на купальскiм iгрышчы ў Лiтоўцах. Так закранулi яго, на публiчны сорам выставiўшы, што, здаецца, калi-б голы перад гэтымi "хамамi" стаяў, то так не саромеўся-б. Зрэшты, разважаў палiцыянт, - хамы то быдла. А цi-ж голы чалавек можа быдла саромiцца.

Найбольш закранула яго, што такая простая вясковая цётка, - "хамка цёмна", - ды яго, разумнага, на чыстую ваду вывела. Узяў яе на вока. "Жыць ня буду, калi не адгаджуся ёй за гэта" - прыабяцаў тады сабе Вадзiмскi. Да гэтай цёткi далучыўся пасьля Пракоп Бахмач, калi, пасьля забойства ягонае жонкi, з хаты на вачох цэлай вёскi выгнаў. Гэта ня толькi зьнявага ўлады, а проста бунт! Ужо тады карцела Адасю блiжэй сваймi рукамi й ля тэй цёткi й Пракопа Бахмача паласавацца, але зраўнаважаны камандант Мэндлiк устрымаў яго. Фактычна-ж ня мелi да Пракопа прычэпкi. Сам Бжончэк, вядома, шанаваны iмi свой чалавек быў. Адылi, хоць афiцыйна прынялi ягоную вэрсыю, ведалi цi падазравалi, што яна хвальшывая. Якi гэта сялянiн з голымi рукамi на ўзброенага чалавека кiнецца? Бахмач да такiх не належаў.