Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 117

К Акула

- Чаго ты, Мецю, крычыш? Што сталася?

- Ды во гэтыя, сабачыя iх косьцi, кажуць мне, што ў iхнай пунi палiцыя бальшавiцкiя афiшкi знайшла, бацьку на пастарунак забралi. Дык пастух дамоў зьбiраецца. Ну ты чула цi не?

- Янэк, - падыйшла панi Лазоўская, - ты чаму такi неўдзенчны? Мы з табой як родным сынам апякавалiся, а ты нас кiдаеш. А каровы як будуць?

Янук прыгадаў усю гэтак званую даброць i ласку, што зазнаў у гэтых людзей. Калi-б запраўды яны так апякавалiся родным сынам, то цi ўсядзеў-бы ён у бацькавай хаце? На думку ўсплыло адпаведнае мейсца, куды манiўся паслаць паноў Лазоўскiх разам зь iхнымi каровамi, ды стрымаўся. Мiкола тузануў яго за рукаў:

- Хадзi, пойдзем. Нiхай шалеюць. Ня людзi-ж гэта, мусiць, калi так гаворуць...

Доўгi час iшлi моўчкi, абыйшлi бокам густое калючае iржышча. Сабака, апусьцiўшы хвост, плёўся сьледам ззаду. Спанатрыў i ён, што сталася нешта невясёлае. Час ад часу спадылба, быццам на iм ляжэў цяжкi грэх, вiнавата пазiраў на Янука. Праходзячы паўз авёс, Янук пару разоў заядла сьцебануў па буйных зялёных каласох, быццам хочачы Лазоўскаму гэтым урон зрабiць.

З усходняга краю асаднiкавага хутару, дзе цэлы дзень восем сярпоў грызьлi буйное жыта, прыляцела да вушэй Бахмачовых хлапцоў песьня:

Нiва, мая нiва, - неўрадлiвая,

Доля-ж, мая доля, - нешчасьлiвая.

У чужога пана ўраджаем спорыць,

А маiх-жа дзетак дома голад морыць...

Апошняя пазалота зьнiкла зь вяршынi дубу Архiпа. Над iм неспакойна кружылi вароны. На захадзе сонца закрылася шырокай смугой хмары. Узыходзячы на Гараватку, разглянуўшыся, Мiкола сказаў:

- Цi ня зьменiцца пагода. Глядзi...

X

Зь лiку якога тузiну палiцыянтаў у Гацях, што наглядалi за гацкай воласьцю, цi не найбольш актыўным быў малады пан Вадзiмскi. Гэты спрытны пракудны дзяцюк-буян прыйшоў на службу ў мiнулым годзе. Нельга сказаць, каб лёккай дарога ў чорны муньдзiр была. Многа панкоў на лёккi хлеб квапiлася. У палiцыi нi шмат ведаць, нi рабiць ня трэба было.

Прабаваў Вадзiмскага бацька, валасны ўраднiк, iз сына Адася чалавека зрабiць. Па "панствовай зьнiжцы" пасылаў яго ў глыбоцкую гiмназiю, каб навуку даць. Але Адася да навукi, як лянiвага каня да вупражы, цягнула. За пяць гадоў ледзь-ледзь тры клясы скончыў. Колькi нi прасiў-малiў бацька, панствовыя ўлады скасавалi сынаву "зьнiжку", а сам коштаў сынавай адукацыi пакрываць ня мог.

Лындаў Адась год-другi па мястэчку, зь мяйсцовай такой самай недавучанай гiмназiяльнай басотай розныя гэцы адстаўляў. Рана асвойтаў такiя няхiтрыя штукi, як пiцьцё гарэлкi, карты, просталiнейнае й нахабнае заляцаньне да дзяўчатаў, майстэрства бойкi, дый нават злодзейства прабаваў. Бацька ведаў, што калi так сына самапасам пусьцiць, дык пасьля ад бяды не абярэсься. Што-ж рабiць? У якую прафэсыйную школу паслаць? Пад бокам такое не было, а на далейшую адлегласьць ягоная кiшэня ня вытрымае. Ня было як працiснуцца й у вабсаду мяйсцовае чыгункi: туды кожны панок-беларучка, што недавучаным быў, цi iншага варштату працы не знайшоў, як цьма на сьвятло лез.

I тады ўзяўся стары Вадзiмскi за свайго колiшняга сябру з войска, каманданта мяйсцовае палiцыi Мэндлiка.