Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 116

К Акула

- У тым-жа й загадка. Хто падлажыў, той, мусiць, i палiцыю навёў. А хто-ж гэта патвоему мог зрабiць?

- Ну з каторых... Лявон цi Косьцiк, iх рук нi мiнула. А можа сам каторы сышчык, каб пасьля тату ўзяць? Га?

- За руку нi злавiлi, дык i ўгадвай. Тата казаў iм, што нiдаўна Косьцiка ў гумне на кладнi сена знайшоў i што той на яго iз нажом кiнуўся. Дык тата кажыць, што, можа, гэта Сабакевiч па злосьцi зрабiў, за тоя, што прагнаў яго. А яны тады кажуць яму: чаму-ж ты нi прыйшоў i нi заявiў нам? Дык i слухаць нi хацелi. Таўхаляў у каршэнь надавалi й павялi.

- Ай-я-яй! - iз адчаем у голасе ўсклiкнуў Янук. - Трэба-ж нейкую раду браць. Саб'юць да паўсьмерцi, а тады яшчэ ў цюрму кiнуць.

Чулi цi раз раней, як палiцыя катавала людзей, западозраных у камунiзьме. Хлапцоў холадам абняло.

- Дзядзя Алесь пайшоў у Гацi, можа што паможыць, - казаў Мiкола.

- Ай-я-яй! - енчыў Янук. - Ну чаго гэта прыбiлiся яны да нас, як усiроўна, сьляпы да плоту? А калi дзядзька Алесь пайшоў?

- Зараз посьля таго, як я яму наказаў. Быў на полi, дык часу заняло. Мне казаў, каб я па цябе зьбегаў. Ён думаiць, што лепi, каб ты дамоў iшоў. Нiма-ж каму рабiць...

- Ну а тату як забiралi, дык што ён табе казаў?

- Нi далi яму пагаварыць. Нiчога мне нi сказаў, толька крыкнуў: глядзi, сынок, гаспадарку... пакуль вярнуся...

- От людаеды, от бандзiты! Гэта-ж, можа, саб'юць беднага татачку...

Янук ледзь стрымаў плач.

- Дык ты думаеш, што мне кiдаць Лазоўскага?

- Ну а як-жа быць?

Асiрочаныя Бжончыкам юнакi стаялi, як анямеўшыя. Кiнутае Мiколам пытаньне было такое шырокае, усёабдымаючае, такое цяжкое да разьвязаньня, што хоць ты пад зямлю жывым лезь. Маўчалi доўга. Янук канцом свайго вiшнёвага пугаўя пароў долак у траве. Ён усадзiў таўсты канец пугаўя ў ладна падсохлую зьверху зямлю й круцiў iм, каб зрабiць конаўку. А думкi бегалi, не маглi знайсьцi пункту апоры. Зьнявiдныя, гвалтоўныя сiлы раскiдалi Бахмачова гняздо, тапталi iх...

Пастух падняў уверх пугу, з наважнасьцю зiрнуў брату проста ў вочы.

- Iдзём, пагонiм кароў. Нiма як. Чорт яго бяры з Лазоўскiм i ягонымi ботамi. Як трэба дома, то трэба...

Асаднiк насупiў брывы, калi Янук перадаў яму дрэнную вестку пра бацьку. Твар Паляка не распрамянiўся спагадай, наадварот - на iм зьявiлася няскрываная злосьць.

- Пойдзеш, дык iдзi, смаркачу едэн! - ледзь не крычаў Лазоўскi. - Вы ўсе, сабачая косьць, паршыўцы! Думаеш мне бацькi твайго шкода? Я думаў, што ён чэсны чалавек, добры хрысьцiянiн, ажно ён бальшавiк. Цьфу на вас, хамы пшэклентэ! Усiх вас на адну вяроўку павесiць трэба. Бальшавiцкiмi афiшкамi забаўляцца пачаў! Чулi вы гэта?

- Паночку, мы-ж кажам, што падлажыў нехта... - пачаў Мiкола.

- Што ты мне, смаркачу едэн, угаварыць хочаш? Ня веру вам анi на макулiнку. Для вас усiх кулю ў лоб, пане дабрадзею! Так з вамi! Усе комунiсьцi! А дзе-ж я цяпер пастуха вазьму ў гэту пару? Ты, жаба, глядзi, зьвярнуўся ён да Янука, - каб твая нага больш у маiм двары нi ступiла. Чуеш?!

Пачуўшы паднечаны асаднiкаў голас, з хаты выйшла панi Лазоўская.