Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 115

К Акула

- Ах ты! - крыкнула дзяўчына й зрабiла борзды крок наперад. - Дык вы ўсе такiя мужчыны! Бандзюгi, зьвяры!

Пры гэтых словах яна так ёмка стукнула Бахмача кулаком у твар, што той ажно пахiснуўся.

- Вы ўсе роўныя! На адну вяроўку вас! - крыкнула, залiваючыся сьлязьмi, i пабегла.

Гэтага ўжо было занадта. Пад Януком гарэла зямля. На лузе Лазоўскага зрабiлася цесна.

Дуня паспакайнела, пакуль дабралася да свае хаты. Хоць нэрвовасьць, спрычыненая ўтрусам у лесе цалкам яшчэ ня мiнула, дзяўчына магла думаць адносна спакойна. Падсумаваўшы ўсё, усьведамiла, што фактычна нiякае крыўды "драгомiшч" ёй не зрабiў, апроч таго, што добра патузаў. Але, - цешыла сябе ў думках спрытная дзяўчына, - дасталося-ж i яму ў самае балючае.

Здалёк пачула Дуня стук у дварэ. Секачом мацi секла ў невялiкiм цэбрыку зелянiну, што назьбiрала на полi для сьвiньнi. Макатунiха адразу спасьцерагла, што з дачкой нешта здарылася.

- Што з табой, дачушка? А дзе-ж твае грыбы? Божачкi мае, блюзка парваная, кроў! Хто цябе, золатка, лясьнiк?

- Шпунт...

- Ён? А каб-жа яго пярун зь яснага неба, а каб яго чыстая зямелька не насiла, а каб...

Мацi паехала ў кленiчы, а дачка стаяла й пазiрала старой проста ў вочы. Макатунiха, уляпiўшы свой зрок у дачку, старалася адгадаць што запраўды сталася.

- Раскажы, як было, - загадала яна. - Алi ўсё чысьцiнька кажы, нiчога нi таi. Я тавя матка, ад мяне нiчагусянькi нi хавай.

Абрыўкамi, часта спыняючыся, дзяўчына пераказала, што сталася. Нялёкка гэта было. Вусны дрыжэлi, вочы сьлязiлiся. А мацi ўсё пiльна ўзiралася, цi не дагледзiць у вачох якога фальшу.

- Тады я так зьнiмаглася, - канчала Дуня, - што канцы мне прыходзiлi. Насеў на мяне, як мядзьведзь; сапець, а такi страшны, думала - задушыць. Дык я падцягнула нагу i з усёй сiлы як дала яму памiж ног, што ён аж застагнаў i пусьцiў мяне. Тады я наўцёкi... От i ўсё...

- Нi манiш? Нi знасiлаваў ён цябе? - хацела ўпэўнiцца мацi.

Дуня не адразу адказала. Яна доўга й упорыста глядзела матцы ў вочы, быццам штосьцi прыгадваючы, а потым сказала цьвёрда:

- Не!

- Прызнавайся, кажы праўду, - наступала Макатунiха. У дзяўчынiным голасе было столькi шчырасьцi, што матцы цяжка было паверыць сваiм вушам. - Калi што якоя, дык я пайду яго гэтым секачом бандзюгу!

- Чаму-ж ня верыш? Каб што было, дык сказала-б, - адказала настойлiва Дуня.

Памаўчалi.

- Ну iдзi памыся, ды залатай блюзку, а па кошык сходзiш заўтра.

IX

На наступны дзень пад вечар прыйшоў да Янука Мiкола. Як толькi зыйшоў з Гараваткi, здалёк пазнаў яго Янук па хадзе. Чаго-ж бы ён iшоў? Нешта сталася. Добрае цi дрэннае нясе? Калi-б добрае, дык не было-б надта пiльнае. Мусiць, iзноў бяда нейкая.

Тапсiк кiнуўся старэйшаму брату напярэймы, намагаўся лiзнуць яго ў твар. Мiкола спынiўся ды занадта спакойна, зь нейкай загадкавай падноткай, сказаў:

- Тату забралi.

- Тату? Хто? Чаму? - пытаўся Янук.

- Палiцыя, Мэндлiк iз Вадзiмскiм. Сягоньнiка зараз папалуднi прыехалi ды пачалi шарыць усюды: па хаце, у клецi, у гумне. Знайшлi бальшавiцкiя ахвiшкi...

- Ахвiшкi? Ня можа быць! Хто-ж iх там палажыў?