Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 114

К Акула

Так, гэта Дуня. Як добра, што яна ў гэты час зьявiлася. Можна будзе цяпер вось падзялiцца зь ёй тым сакрэтам, аб якiм згадваў ранiцою. Але што зь ёю? Чаму яна з пустымi рукамi? Чаму так зачырванеўшыся й спацеўшы, так цяжка дыхае? А грудзi?

Янук разявiў ад зьдзiўленьня рот i аслупянеў. Дзяўчына аднэй рукой трымала падзёртую на грудзёх i закрываўленую блюзку. Януку прыйшла ў галаву жахлiвая здагадка: Бжончэк, мусiць, на яе напаў. Дрыжыкi прабеглi па каленях, i цэлага холадам абняло.

- Што з табой, Дуня? Чаму ты такая?

- На... напаў на мяне басяк, - сказала, задыхаючыся.

У васiлькох на спацелым твары прытаiўся жах. Дрыжэла ўся, дый не ад холаду.

- Хто? Дзе? - крыкнуў Янук. У галаве закружыла. Думкамi ўжо баранiўся перад адказам, якi - ведаў - зараз пачуе.

- Гэты бандзюга драгомiшч...

- Ён? А я думаў - лясьнiк...

Тое, што не ўгадаў, анiчуць не зьмянiла Янукова настрою. Пад нагамi, здавалася, загушкаўся луг. Уяўленьне зручнымi й майстэрскiмi штрыхамi нарысавала вобраз у лесе: кволая, быццам тая вясеньняя неразбуйнеўшая яшчэ краска, ягоная мiлая сяброўка ў рукох дужага й прагавiтага ў юрлiвасьцi Лявона. Яна змагаецца, баронiцца апошнiмi сiламi, а ён iрве-шматае вопратку й налягае. Бездапаможны дзявочы крык клiча ратунку. I ненасытны, агрэсыўны мядзьведзь ломiць, абрывае з краскi кволыя пялёсткi, топча ягонае, Янукова, сьвятое сьвятых.

Нiколi не ўяўляў, што гэтая вясковая бедная дзяўчына так валодала iм. Цяпер пагвалчаная амаль перад ягонымi вачыма, яна тузала-разрывала ягонае чульлiвае нутро. Нешта сарвалася ў сярэдзiне. Дрыжэлi Януковы вусны. Ня мог здабыцца на слова. А ў Дунi, як пацеркi, па потным твары хлынулi сьлёзы. Забыўшыся на ўсё, яна рукамi намагалася выцерцi твар. З-пад парванай блюзкi на ўвесь рост вызiрнулi пунсовыя дзявочыя грудзi. Хлапец, канчаткова ашаломлены такiм вiдокам, апусьцiў унiз вочы. Чырваньню загарэўся ягоны твар.

Нязручнасьць трывала доўга. Напружаньне было такое, што разладаваць яго, здавалася, можа адно новы вялiкi выбух. Надта-ж мала было сказана.

- Дык i што? - спытаў пастух.

Не, зусiм ня тое хацеў сказаць. Але як гэта выславiць? Дуня пазiрала на яго, з пытальнiкамi ў вачох. А хлапец баяўся вымавiць нешта жахлiвае, што душыла-прыгнятала.

- Як-та што? Кажу-ж табе... - дрыжэла ў цiхiм плачы дзяўчына.

- Удалося яму? - нарэшце вымавiў Янук ды чакаў найцяжэйшага, зьнiшчальнага ўдару.

- Што цi ўдалося?

Нявiннымi пупушкамi грудзi ўсё яшчэ саромiлi Янука. Дзяўчына, уздрыгваючы з плачу й перапалоху, быццам забылася пра iх. У сьлёзных васiлькох перш паказалася няўцямнасьць, пасьля перапалох перамешаны зь нейкiм недаверам, ды зноў зусiм выразная цьвёрдасьць.