Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 113

К Акула

Ладна папахадзiў хлапец навокал таго Выгару, а кургана нiяк знайсьцi ня мог. Да вушэй даляталi зводдаль i гукi дудкаў пастуховых, i песьнi жнейкаў, i гуканьне цягнiка, i карканьне варонаў нейдзе ўверсе над лясной шапкай. Скора пачне шарэць, i як тады знойдзеш тое мейсца?

Гэтак рашчараваны йшоў уперад сябе абы йсьцi, не пастанавiўшы яшчэ, цi працягваць пошукi, цi не. На вока трапiла рослая хвоя, якой споднiя галiны зьвiсалi аж на зямлю. Янук спынiўся й пачаў прыглядацца. Пад абвiслымi галiнамi хвоi спасьцярог пастух нешта паводле гарба, пакрытага йглiцай. Тапсiк падняў уверх галаву й пабачыў на хвоi вавёрку. Скочыўшы наперад, ён пачаў брахаць i шоргаць лапамi. Янук хацеў сьцiшыць сабаку, але зыркае вока ягонае пабачыла, што пад Тапсiкавымi лапамi было ня што iншае, як пляскаты, прадаўгаваты, адным канцом урослы ў зямлю, надмагiльны камень.

Не марудзячы нi хвiлiны, узяўся хлапец за работу. Адламаў канец галiны з хвоi ды зьмятаў iглiцу. Зь верхняга канца камяня распазнаў Бахмач знак крыжа. Нiжэй значылiся нейкiя напiсы. Забыўшыся пра ўвесь сьвет, Янук пачаў зграбаць з камяня зямлю й сцызорыкам, што, на вялiкае шчасьце, знайшоў у кiшэнi, сашкрабаў старую нарасьць. Сабака, зьдзiўлены гэткiм гаспадаровым захаваньнем, забыўся на пра вавёрку ды глядзеў, што робiць Янук.

Гэта карпатлiвая праца трывала хвiлiн мо дзесяць. Калi Янук скончыў, выпрастаўся на ўвесь рост ды прыглядаўся свайму цiкаваму адкрыцьцю. Якiм-жа ўдзячным тады быў ён свайму бацьку, што параiў некалi навучыцца "рускiя буквы" й паказаў кожную зь iх. Цяперака хоць марудна, iзь цяжкасьцю, але ўсё-ж прачытаў Янук пад крыжом наступнае:

Боже упакой i прыймi

у царствii вечная

рабов твоiх повстанцев

Iван Карпук

Петр Белы

Якав Малыш

1864 год

Глухiм малатком бiлася сэрца ў грудзёх басаногага, худога юнака, што паволi ўсьведамляў значэньне выдзяўбанага на камянi долатам нейкага вясковага патрыёта напiсу. Гэта наваадкрытая бачына ўзрушыла яго сваёй прастатой i ляканiчнасьцю. Тут, пад ягонымi нагамi, парахнелi косткi ахвярных народных гэрояў, а ён, бедны, але прагавiты юнацкай цiкавасьцю, ня ведаў яшчэ, нашто яму гэта новазнойдзенае прыдасца. I ня мог нават варажыць тады, паднечаны такой знаходкай, што пацьвердзiла апавяданьне дзеда Якуба, што гэта - як i шмат iншага, знойдзенага пазьней у падарожжы па другiм баку адчыненых дзедам дзьвяроў, - распалiць-разьдзьмухае некалi ў будучынi ў ягоным сэрцы такое буйное й незгаручае полымя, што цi раз прывядзе яго на край страшэннае згубнае проданi.

VIII

Дуня, часта азiраючыся назад, бегла колькi моцы. Крокi ейныя звальнялiся ў меру таго, як грудзi дыхалi ўсё цяжэй i цяжэй. Гэта, мусiць, ня сэрца, а нейкi цяжкi молат малацiў у сярэдзiне. Цурком сплываў па твары пот. Змарылася дарэшты. Калi за бярэзьнiкам паказаўся просьвiт поля, звольнiла.

...Прыгадваючы ўчорашняе адкрыцьцё ў лесе, Янук думкамi яшчэ й яшчэ перабягаў усё тое новае, што ўведаў апошнiмi часамi. Нават забыўся пра кароваў, што вось панадзiлi ў суседнюю канюшыну. Тапсiк, як заўсёды, быў напагатове. Безь Януковага спануканьня ведаў сваю работу. I калi гэтым разам наёжыўся й пачаў брахаць, пастух думаў, што зноў падвялi яго рагатыя. Але сабака гэтым разам кiнуўся ў кiрунку лесу. Янук ня зьдзiвiўся, калi сабака спынiў брахаць, прыязна махаў хвастом, наблiжаючыся да дзяўчыны, што борздымi крокамi йшла да пастуха.