Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 112

К Акула

Пазаўчора наважыўся Янук пайсьцi ў лес i адшукаць магiлу тых паўстанскiх гэрояў, аб якiх прыгадваў дзед. Ведаў, што Лазоўскi не дазволiць яму адлучыцца ад статку, дык пастанавiў скрывiць душой. Сказаў, што абавязкова мусiць бацьку праведаць i папрасiў дазволу прыгнаць статак у загарадзь ля хлявоў якую гадзiну перад захадам сонца. Лазоўскi ведаў хлапчукову настойлiвасьць. Ня пусьцiць, дык - чаго добрага - возьме ды ўцячэ, а пасьля шукай дзе другога пастуха.

Сонца нiзiлася ўжо цалкам на захад, калi Янук прыгнаў у загарадзь добра напасеных кароваў i памкнуўся з Тапсiкам у кiрунку Гараваткi. Зашыўшыся ў зарасьнiк, ён пераскочыў па жардзiнох цяпер ужо добра зьмялеўшую канаву ды з другога боку яе, як быццам некiм падганяны, рушыў борзда ў кiрунку бору. Выгар той, на ўзьмежжы якога, як казаў дзед, быў паўстанскi курган, знаходзiўся якi кiлямэтар у глыбi лесу. Казалi, што на Выгары, што нагадваў лысiну мiж скарбовага лесу, таксама была некалi гушча дрэваў. Быў пажар, дрэвы пагарэлi, дык вось i застаўся такi лысы горб. Янук раней i цяпер мала думаў пра праўдападобнасьць такога здарэньня.

Мала калi ўлетку блудзiў Янук па лесе, хоць на сумежжы яго праводзiў многа часу. Ад кароваў не было як адлучыцца. Цяпер-жа, увайшоўшы ў самы ягоны глыб, ён звольнiў кроку, разглядаўся, колькi разоў пiснуў ды прыслухоўваўся да рэха. А рэха паўтаралася, ляцела нейдзе воддаль i там яшчэ адклiкалася, быццам дражнячы яго. Тапсiк абнюхваў усё падарозе. Зазiрнуў у нару пад корч сьпiлаванае хвоi, залiвiстым брэхам даў ведаць пра сябе нявядомаму жыхару тэй нары. Янук адклiкаў Тапсiка, якi неахвотна, быццам iз дакорам глядзеў гаспадару ў вочы за тое (той не разумее й не дазваляе заняцца сабачай уцехай) ды паволi йшоў ззаду.

Да захаду сонца часу заставалася няшмат. Нельга марудзiць. З наблiжэньнем да Выгару Янук поўнiўся нейкай таемнай баязьлiвасьцяй, непакоем. Тая сьведамасьць, што вось ён iдзе на магiлу гэрояў, што, мабыць, неўзабаве адкрые яшчэ нейкую загадкавую бачыну кнiгi ў новым сьвеце, трывожыла ягоную кволую юнацкую душу. У насычаным змалку казкамi пра ведзьмаў, ваўкалакаў i зданяў уяўленьнi - нейкiя, неразгаданыя блiжэй, ценi захiнулi дарогу, i Янук звольнiў хаду. Паволi азiраўся навокал. Нiдзе не было жывое йстоты. Толькi птушкi, вавёркi й усе iншыя лясныя жыхары працягвалi свае перадвячорныя заняткi. З пазалочанымi ўверсе чубамi ленна стаяў лес. Тапсiк спынiўся перад пастухом i ўпорыста глядзеў яму ў вочы, быццам угадваючы, што Янук будзе рабiць далей. А Бахмач у думках ганiў сябе за недахоп адвагi й дзякаваў Богу за тое, што яго вартуе неразлучны й верны спадарожнiк. Iз гэткiм сябрам дык ня толькi ўдзень, але ўночы можна на якi хочаш курган пайсьцi.