Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 111

К Акула

Пра паўстаньне супраць царскае Расеi вучыўся некалi ў школе. Там нацiск клаўся на польскi характар, кiраўнiцтва, iдэйную лiнiю гэтага паўстаньня. Праўда, "чырвоны дыктатар Лiтвы" - Кастусь Калiноўскi, займаў пачэснае мейсца ў лiку гэрояў, але ў параўнаньнi зь iншымi яму давалi скупа ўвагi. Дый самое слова "Лiтва" было нейкай загадкай. Як гэта так, што гэная Лiтва, што цяпер вось тут побач iзь Вiльняй, сталася такой маленькай, а некалi пашыралася й на нашую зямлю? Вось i iхная вёска завецца Лiтоўцы. Цi ў гэтым ёсьць нешта супольнага? Каб гэта тады ўзяў ды спытаўся настаўнiка пра гэта, як аб паўстаньнi й гiсторыi Лiтвы вучылiся? Лiцьвiны-ж - ён гэта чуў - i сваю мову мелi, мусiць, зусiм ад тутэйшай адменную.

Янук зусiм у разважаньнях заблытаўся. Блукаў вобмацкам, упоцемку. Многа было, мусiць, недаказанага. Дый разважаць лягiчна ня ўмеў яшчэ. А чалавек, што адчынiў тыя першыя дзьверы, грэўся нейдзе на прызьбе, з крывой сваёй люлькай, смактаў самасейку. Цi мог-бы ён, падпiраючыся сваiм кастылём i абношанай кульбай, павесьцi ў гэны новы сьвет крыху далей - паказаць i вытлумачыць што й да чаго?

Цi раз пазiраў Янук у глыбокай задуме на волата Архiпа. Колькi бачыў i ведаў гэты магутны дуб! Колькi-ж мог-бы ён распавесьцi, калi-б Бог даў яму мову! А дуб, як валадарны гаспадар, пануры й грозны ў хмарны дзень, малады й задзiрлiвы ў пагоду, маўклiва пазiраў на навакольныя гонi, на запрацаваных людзей. Раньняй вясной слухаў ён крык аратага й сачыў аднастайны крок сейбiта, у касавiцу насалоджваўся водарам сенажацяў i гоманам касцоў, у жнiво млосна-абамлелы - прачынаўся надвечар iзь сьпякотнае дрымоты, каб сквапна лавiць журботныя мэлёдыi жнейкаў. Пад восень, калi ўся прырода навокал прыносiла плёны працавiтаму чалавеку, стары Архiп сеяў на Гараватцы жолуды. I ягоны плён быў ня лiшнiм. Зьбiралi сялянкi тыя жалуды, сушылi, малолi, кармiлi iмi сьвiняў.

Найцяжэй даводзiлася Архiпу ўвосень i зiмою. Дажджавыя й сьнежныя шквалы, вятры блiзкiя й далёкiя - усе па дарозе напатыкалi стагодзьдзямi загартаваныя, войнамi калечаныя Архiпавы грудзi. I кожная бура цi мяцель бралася з гiгантам удужкi, трасла ягоным чубам, прабавала сваю моц. Аблядзянелы й абсыпаны шэраняй, яшчэ больш цудоўна красаваўся гаравацкi волат у сонячны зiмовы дзень. Здавалася, што наўмысьля абрастаў сьнежнай, зiхатлiва-iскрыстай барадой, каб пафарсiць у маестаце поўнае даўжынi свайго веку. Гляньце, маўляў, нiхто тут мне навокал ня роўня!

Кожны лiтоўскi чалавек, калi хацеў гадаць пра пагоду, насамперш цiкавiўся, чым быў заняты Архiп: цi ягоны чуб спакойна абселi цi, каркаючы, кружылiся над iм вароны, цi пазалотай прыаздобiўся ён на захадзе сонца, цi касурыўся на захмаранае неба ўраньнi.

Ува ўсiх яго выглядах i прыздобах, у кожную пару дня й году бачыў Архiпа Янук Бахмач. Цяперака-ж, калi перад хлапцом адчынiлiся рыпучым старэчым Якубовым голасам дзьверы ў таямнiчае й нязьведанае, паглядаў пастух на волата iз дозай дзiцячае зайздрасьцi й дакору. Ведаў, што ўтоеным багатым гiстарычным багажом нiколi зь iм, юнаком, стары волат не падзелiцца. Цi-ж ягоная ў тым вiна, што наканавана яму адно прыглядацца, прыслухоўвацца й вечна нямым быць? Казаў Якуб, што дрэвы - значыцца ў iх лiку насамперш дуб Архiп - таксама жывуць ды пасвойму гаварыць умеюць. Але як знайсцi ключ да iхнай гамонкi? Мусiць, чараўнiком трэба быць.