Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 110

К Акула

- Дык ты гэткая! - соп злосна Лявон. - Абажджы, я-ж табе...

Ён так пляснуў шырокай даланёй дзяўчыну па твары, што аж у галаве зазьвiнела. Дуня пачала крычэць. Левай рукой Лявон намагаўся закрыць ёй рот, а правай iрвануў за блюзку на грудзёх. Пры вiдзе голых дзявочых грудзей яшчэ больш узбуйнела й раздражнiлася дзяцюкова юрлiвасьць. Яго апанавала нейкая зьбянтэжаная гарачка. Нэрвовымi рухамi нiяк ня мог упарацца iз спаднiцай. Дуня, выбраўшы момант, падцягнула ўверх калена ды з усёй моцы заехала яму ў мейсца галоўнае актыўнасьцi. Лявон голасна застагнаў ад болю. Удар трапiў у найбольш чульлiвае мейсца. Дзяцюк на ймгненьне выпусьцiў дзяўчыну з рук.

Дуня ўсхапiлася й кiнулася наўцёкi. Закрываўленая, з голымi грудзьмi, яна бегла, часта спатыкаючыся аб карчы й карэньне на дарозе, баялася азiрнуцца назад. Куды бегла, сама ня ведала. Абы далей ад гэтага дзiкага чалавека. Ззаду пакiнула напалову запоўнены грыбамi кошык.

VII

Цi раз перадумваў Янук дзедаву гутарку пад дубам Архiпам. Добра ўсьведамiў ужо, што дзед расчынiў перад iм навосьцеж нейкiя таемныя дзьверы, што ён зрабiў ужо першы крок праз парог. А што-ж бачыў за тым парогам? Было першае ўсьведамленьне адносна жыцьцёвага парадоксу вось на гэтай, крывёй i потам сваiх людзей, як казаў дзед Якуб, прасякнутай зямлi. Цяперака зусiм iнакшым у пастуховых вачох выглядаў i ягоны гаспадар асаднiк Лазоўскi, i тая местачковая палiцыя, якую бацька, - зь нябожчыцай на покуцi тырчма сапхнуты на прадоньне трагiчнага жыцьця - так адважна пагнаў iз свае хаты. Iнакш выглядалi й навакольныя людзi - ягоныя вяскоўцы. Як тыя краты рылiся яны пры цяжкой i непаплатнай працы. Гэта яны былi гэтай зямлi гаспадары, а тыя, што выглядалi чыстымi, сытымi, прыгожа апранутымi, задаволенымi, iз гладкiмi безмазолiстымi рукамi й такiмi-ж гладкiмi тварамi, - тыя былi чужымi паразiтамi. Пры ўсьведамленьнi гэтага Янук аж страпянуўся. Думка абнадзейвала й палохала яго.

Малы Бахмач наразе быў задаволены тым, што вось нехта дапамог яму адкрыць вялiкую праўду. Адылi адчуваўся нясьмелым у гэтым новым сьвеце. Як малое дзiцё, што вось толькi зрабiла першых колькi самастойных крокаў, ды прытулiлася да прыполу маткi, вагаючыся далей пазнаваць сьвет iз собскага ходу, гэтак Янук ня ведаў цяпер, у якiм кiрунку даць наступны крок. А рупiла йсьцi далей, адкрываць новае, дагэтуль непазнанае й нязглыбленае. Ведаў, што галавы ў прыпол яму ўжо не схаваць, так цi йнакш пойдзе наперад.

I так гаравацкi князь, што перш уцёк з поля бою, а пасьля - калi ворагi на яго напалi - загiнуў у вабароне роднае зямлi, дый гэтае апошняе вялiкае народнае паўстаньне, удзельнiкам якога быў некалi дзед Якуб, заваявалi ягоную багатую ўявай i думкамi йстоту. Пхалi некуды да таемнага й нязьведанага. Тымчасам прабаваў вобмацкам. Дзедава гутарка ня толькi адкрыла перад iм новы, дагэтуль нязьведаны сьвет, але нарадзiла больш загадкаў, чым высьвятлiла.