Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 109

К Акула

Непадалёк на старой бярозе голасна загрукатаў дзяцел, i Дуня выпрасталася, каб паглядзець. Любiла яна сачыць ляснога лекара пры працы й не магла надзiвiцца, колькi ў яго было сiлы ў малой, здаецца, кволай шыi й дзюбе. А дзяцел, не зважаючы на тое, што наглядала ягонае майстэрства маладая прыгажуня, заядла церабiў кару.

Там, дзе дубы падступалi да гусьцейшага лесу, амаль суцэльным плотам расьлi ляшчыны. На чупрынах дрэў гэйсала рудая, зь вялiкiм пушыстым хвастом, з добрую мяцёлку, вавёрка. Хвост задзiрлiва трымала ўверх. Адно калi пераскоквала на iншае дрэва, тады хвост абнiжаўся, быццам памагаючы ўласьнiцы плысьцi па паветры. Ведала Дуня, што недалёка той час, калi пачнуць дасьпяваць арэхi. Цяперака яны налiваюцца ўсярэдзiне малаком, а можа ўжо й цьвярдзеюць.

Дзяўчына падыйшла да арэшнiку, прыгнула галiну й разглядала сарваны арэх. Яшчэ ня ёсьць арэхавая пара - пастанавiла, раскусiўшы мяккую шкарлупiну.

Гэтак стоячы й разважаючы пра арэхi, дзесь ззаду за сабой пачула трэск. Здалося, што нехта падкрадаецца. Азiрнулася. Нiкога не было навокал. Iзноў узялася за грыбы. Гронка баравiкоў падвяла яе зусiм блiзка пад гушчар, i не магла яна ведаць, што адтуль спамiж галiнаў сочыць за ёй юрлiвая пара вачэй. Дуня была так занятай, што спасьцерагла чалавека толькi тады, калi быў ён побач.

- Ну як грыбы, Дуня? - спытаўся Лявон Шпунт.

Ён стаяў ня больш двух-трох крокаў ад дзяўчыны. Быў у ваднэй кашулi, крамных ганавiцах i падношаных ботах.

Зьдзiўленьне дзяўчыны было вялiкае. Адкуль ён тут? Што яму да яе? Ведала-ж дзяцюка як аблупленага. Гэтая сустрэча нiчога добрага не варажыла. А Шпунт глядзеў на яе зь вялiкай, як здалося, пяшчотай у вачох. Хоць бачылася зь iм няраз раней, нiколi не прыглядалася да гэтых, цяпер памутнелых, вачэй. Была ў iх нейкая неразгаданая прагнасьць. А Лявон гаварыў:

- Алi-ж ты й вырасла, як расовая каза. Даўно меў я цябе на воку. Цяпер-жа, ластавачка, ты ад мяне нi ўцячэш.

Здалося Дунi, што ў гэтага сьвятлавалосага дзяцюка зараз пачнуць сьлiнькi цячы: такая нейкая асалода й прагнасьць нечага адчувалася ў ягоным голасе. Пакуль змагла абмяркаваць сытуацыю, Шпунт, быццам клешчамi, учапiўся за ейную руку й цягнуў яе ў лясны гушчар.

- Ты с-сукiн сын! Пусьцi мяне! - крычала, змагаючыся, дзяўчына.

Лявонава касматая рука яшчэ больш сьцiснулася ля дзяўчынiнай сярэдзiны. Дуня была ў роспачы. Ведала, што ад такога быка абаранiцца малыя мае шанцы. Цягнучы яе, той борздымi крокамi ўшыўся ў гушчу лесу й звалiў на зямлю. Кошык з грыбамi перакулiўся побач, i баравiкi рассыпалiся па вялай траве й iглiцы. Адна Лявонава рука намагалася ўтрымаць Дуню на зямлi, а другая ўвiхалася ля ейнае спаднiцы.

Дуня крутанулася з усiх сiл, але дзяцюк яе ўтрымаў. Агiдны твар, як кавальскi мех, соп ля самых вачэй. Быццам пашырылiся зрэнкi ў тых юрлiвых вачох; выглядалi цяпер прагнымi й ненасытнымi. Гэта быў не чалавек, а дзiкун. Ужо зусiм блiзка нахiлiлiся й наблiзiлiся да ейнага твару вусны. У вялiкай роспачы, што сiлы яе пакiдаюць, Дуня напружылася, каб вырвацца зь дзяцюковых клешчаў. Яна крутанула галавой i лбом моцна стукнула ў дзяцюкоў нос. Адтуль пацякла кроў.