Читать «Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)» онлайн - страница 108

К Акула

Дуня ведала цану жыдоўчыных словаў i таму дзiвiлася, як гладка гэтая таўстабрухая кабета магла чмуцiць. Не было-ж-бы для яе нiякага ўрону, каб не выхвалялася няпраўдай, каб памаўчала. Не, дык мусiць, ня ўцерпiць. Усе Жыды такiя, - думала дзяўчына.

Праз поўадчыненыя заднiя дзьверы, адкуль далятаў дзiцячы вэрхал, увайшоў у краму малы жыдзянёнак, гадоў так, можа, тры. У руках трымаў ён абкусаную вялiкую булку, якая - Дуня гэта ведала - каштавала ў пякарнi дзесяць грошаў. Хлопчык стаяў у дзьвярох замурзаны, дзьве сьвечкi з-пад носа аж у рот, ды мяў тую булку ў бруднай руцэ. Ажно Дунiны вочы разыйшлiся. Забылася, што мусiць сачыць, цi Габiха на вазе не ашукае, - зрок ейны ўпiўся ў тую булку. Малы паглядзеў на Дуню моўчкi, пасьля кiнуў булку вобземлю й пайшоў за дзьверы. Дзяўчына глядзела на булку, што ляжала на закарэлай i прагнiлай мейсцамi падлозе, ды нешта цiснула яе за горла.

Тымчасам Габiха адклала зельле й лiчыла грошы.

- Два злоты й фуфцiг, - сказала, перадаючы Дунi манэты.

- Як гэта? Тры кiлi было! - усхадзiлася дзяўчына.

- Нi было. Ты мяне асукаць хоца, - сказала Габiха. Чырвоны, як з на драждох падыйшоўшымi шчокамi твар задрыгаў пры гэтых словах.

- Матка iз бязьмен вазыла? - пыталася Дуню.

- На бязьмен, але-ж...

- Васа бязьмен нядобгы, - цьвердзiла сваё Жыдоўка. - Мая вес добгы, мая вес нi зманiць. От паглядзi!

Пры гэтых словах яна паклала на вагу кашолку, каб зважыць яе. Крыху нацiснула на кашолку рукой, каб збольшыць вагi. Рычаг паказаў блiзка паўкiляграма. Тады Жыдоўка высыпала ў яе высушаныя пялёсткi васiлькоў, гэтым разам iзноў не адымаючы i, як здалося Дунi, прытрымлiваючы вагу рукой. Дзюбкi рычагоў зыйшлiся гарызантальна. На талерцы ляжалi важыкi ў два з паловай кiляграмы.

- Ну вiдзiс, мае вес добгы, гэта васа бязьмен нядобгы.

Дуня была злосная. Нават стары Габа быў сумленьнейшым. Яна бяз слова загарнула грошы ў хусьцiнку, завязала iх старанна ды, цiснучы ў потнай руцэ, выйшла з крамы.

- Гэта лахудра, каб яе гаручка, абманываiць на вачох, - гаварыла дома Дунi матка. - Трэба было глядзець яе, ато жыць нябудзiць, калi не абманець.

VI

Сонца добра пахiлiлася ўжо з паўдня, калi Макатунiшка зноў пайшла па грыбы ў скарбовы лес. Ведала, што ўжо пачыналi нарастаць панчошкi, ягады на балоце чакалi яе. Неўзабаве трэба будзе на iх перакiнуцца. Апошнiмi часамi прайшло добрых пару дажджоў, вiльгаць трымала ў лесе, дык i шкада было-б кiдаць недагледжанымi цэлыя сем'i баравiкоў.

Наважыла дзяўчына абегаць тыя мейсцы, дзе не была ранiцай. Як заўсёды, цягнула яе дуброва. Здавалася, што там баравiкi былi прыгажэйшыя. Ведала, што Брунiськi - найбольшыя лiтоўскiя канкурэнты па ягадах i грыбох - маглi тут ужо вызьбiраць. Але не. Нешта яшчэ засталося. У вадным мейсцы натрапiла на вялiкую грыбную грамаду й цалкам аддалася нiзкiм паклонам. Сонца добра-ткi пякло ў шыю. Ужо забылася яна пра злосьць на Габiху й суцэльна занятая была цяперашнiм. Адзiн за другiм падразала карэньнi й клала грыбы ў кошык.