Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 4

Леапольд Стаф

У перыяды абвастрэння сацыяльных канфліктаў аб’ектам гуманістычнага заступніцтва і апраўдання становяцца збунтаваныя людзі працы, нявольнікі, якіх паны жыцця даводзяць да атуплення, адчаю, дэмаралізацыі ды крывавага бунту. У моманты рэвалюцыйных выбухаў Стаф гатовы не толькі на адпушчэнне віны бунтарам і помснікам, ён дае рабочаму люду права на суд і пакаранне сваіх крыўдзіцеляў, уладкаванне свету паводле свайго масавага адчування справядлівасці. Сам паэт не раздзяляе рэвалюцыйных настрояў, але яго гуманізм, міласэрнасць распаўсюджваюцца і на задворкавыя, люмпенізаваныя элементы.

Пра іх, упаўшых і страціўшых воблік чалавечы, дапамінаецца паэт у Ісуса Хрыста: «Адпусці ім тое, што даў замала сілы». Што яны забедныя, каб маглі мець сумленнасць».

Стаф перажыў вялікія катаклізмы гісторыі і не прытвараўся глухім да злыбедаў жыцця. Праграмны верш паэта «Жыццё без здарэнняў» польская крытыка чамусьці ўспрыняла звужана, як згоду на малое шчасце. Недаацэненым аказаўся прыём антытэзы, уведзены ў канцоўку. Падключаны там фактар суб’ектыўнага бачання, асабістай уражлівасці кампенсуе малюнак бачанага:

Ды калі смерць мне заслоніць зрэнкі Сваёю далонню лядачай, Уцямлю, што бачыў я рэчаў мноства, Якіх аніхто не бачыў.

Для ўражлівай душы і знешне дробнае, шэрае, малое поўніцца унікальнымі дэталькамі, парадоксамі, моцнымі ўражаннямі. Тут і вырысоўваецца сутнасць гуманістычнай місіі мастака: адкрываць вітальнае багацце чалавечага быцця ў малым і вялікім. Жыццё складваецца як з велічных і малых падзей, з’яў, здарэнняў, лёсавых канфліктаў, так і з вялікай або малой уражлівасці суб’екта, здольнасці і тонкасці ўспрыманняў. Само жыццё ў Л. Стафа — гэта рэчка, што мае дзве плыні: плынь здарэнняў і плынь таемных імпульсаў, успрыманняў, дзівосных мрояў. З фантастычнага перапляцення рэалій і ўяўленняў, здарэнняў, фактаў і іх суб’ектыўнага, інтуітыўнага ўспрымання ўтвараецца адзіная чалавечая рэальнасць — салодкі і горкі смак жыцця, яго сэнс і бяссэнсіца, радасць і боль:

У самім сабе настройваю разладжаны свет, Апалоне, Бо, мабыць, для гэтага даў ты мне ліру ў рукі.

Антыномнасць рэалій быцця ставіць чалавека ў цяжкія, нават тупіковыя сітуацыі, падагравае або астуджвае яго інтэлектуальныя амбіцыі, прымушае не імкнуцца да абсалютных праўд і да універсальнага шчасця, а задавальняцца чымсьці даволі плынным, няясным ці прывідным. Шчасце выступае ў паэзіі Л. Стафа як далёка не адназначны стан душы, часам гэта даведзеная да кіпення вітальная сіла быцця («Танец Горы»), часам ціхае навучанне цноце, але таксама могуць быць шчасцем і цнотай неўсвядомленыя добрыя імпульсы душы. На пытанне, дзе шчасце, малады Стаф адказвае: «Паміж выцягнутай рукою і яблыкам на дрэве». Яблык у руцэ — гэта спаўненне, канец шчасця. Падобна разважалі мудрацы ў «Піры» Платона аб каханні, якое несла асалоду, пакуль не спаўнялася. I мудрая Дыятыма параіла вучоным мужам кахаць не жанчыну, а ідэю жанчыны, тады стан шчасця можа цягнуцца вечна, бо ідэя немінучая, а любоў да яе як да красы і гармоніі не ведае спаўнення і расчаравання. Падобна і ў Стафа, шчасце прыносіць не нейкае здарэнне ці тып рэальных жыццёвых імпульсаў, адносін, а хутчэй мроя, відзежы, сон, нейкі незямны транс. Так разуметае шчасце ўраўноўвае багатых з беднымі, шчаслівых з няшчаснымі. Шчасліўцамі аказваюцца вулічны валацуга, згвалтаваная і зацяжараная вар’ятка, не гаворачы пра прадстаўнікоў такой пачэснай прафесіі, як пастух.