Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 2
Леапольд Стаф
Паэзія Стафа ўвасабляла пералом часу і густаў, калі выдыхалася буяная, патрыятычная, крыху манерная, але з мужыцкім вострым пахам паэзія Młodej Polski, а мадэрнізм, што ішоў ёй на змену, яшчэ не прыжыўся на польскай глебе, там цанілася і прымалася перадусім патрыятычнае, а потым паэтычнае. Як гаварыў славуты піяніст Ігнацы Падарэўскі: «Спачатку Польшча, а потым музыка». Такім чынам талент Стафа быў асуджаны на шуканне новага, невядомага, на арыгінальнасць або мадзенне. Новы паэт здзівіў сучаснікаў майстэрствам сінтэзу, уменнем станавіцца і заставацца сабою, апіраючыся не толькі аб паэтычныя аўтарытэты, але і аб постаці філосафаў, мысліцеляў, вучоных, стваральнікаў новых канцэпцый сусвету і прадказальнікаў апакаліпсіса ды мажлівых перасяленняў зямное цывілізацыі ў іншыя галактыкі.
Маладому Леапольду Стафу характэрна значная ступень незалежнасці ад пануючых у элітарных асяродках міфаў, настрояў і моды.
Першы яго зборнік «Сны аб магутнасці», выдадзены ў 1902 годзе, нават у загалоўку нясе ўнутраную дыстанцыю ад моднага ніцшэанскага ўхвалення сілы, паэт пераносіць саму ідэю звышчалавека ў сферу сну, свабоднай гульні фантазіі.
Першыя канфлікты маладога паэта са знакамітымі польскімі крытыкамі Бжазоўскім і К. Іжыкоўскім аказаліся на паверку сітуацыямі непаразумення. Пошукі сябе ў лабірынтах ніцшэанства і мадэрнізму ўспрымаліся крытыкамі як перайманне, перапевы, стылізацыя, манернасць, адным словам, дабравольны палон, мёртвая зона душы. На справе ж Леапольд Стаф быў прыроджаным антыподам Ніцшэ, яго «Сны аб магутнасці» — гэта не касмічныя катастрофы са звальваннем багоў, нішчэннем слабых і шэрых дзеля прыходу звышчалавека. Магутнасцю паэт лічыў не заалагічную сілу інстынкту, а творчую фантазію, не жорсткую волю і разбурэнне, а само імкненне да ідэалу. Чын і мэта — спаўненні, яны за межамі мар, надзей, імкненняў, фактычна азначаюць канец жаданняў, а значыць, і сон ці смерць творчага духу.
Калі гаварыць ніцшэанскімі катэгорыямі, Леапольду Стафу імпануе не дыянізійскі багаборчы, а апалонаўскі вобразна-летуценны і творчы пачатак духу. Два першыя яго зборнікі «Сны аб магутнасці» і «Дзень душы» іскрацца юначым максімалізмам, жаданнем пражыць жыццё «буйное і святое». Найбольш тыповыя медытацыйныя вершы паэта шчыра, часта дзёрзка сумяшчаюць несумяшчальнае — ніцшэанскія пастулаты бязлітаснага багаборства з традыцыйным для польскай класікі хрысціянскім духам чалавекалюбнасці, пакоры і скрухі. Самабытнымі аказаліся вершы пра дзень будзённы, працавіты і рупны, гаспадарскі дзень з сярпом, касою, цэпам, плугам. Ад іх вее шчырай любасцю да простага чалавека з яго сціплым і мудра-змястоўным жыццём.