Звяздар замкнуў на ключ вежу:Паабцінаў каметам хвасты,Выкінуў у акно клепсідру й чэрап I пайшоў на маскарад.Там спаткаў чорнага вершніка,Які прапанаваў: «Браце,Мой конь здох, і ў карчме Я прадаў яго цыганам.Заплаці свае пазыкі залатою аброццю».Потым звяздар скакаў з дагарэсайI гуляў у косці з мажным кардыналам, Закалоў чатырох Борджыа I выпіў мора малмазіі.Ранак заспеў яго пры куродымных свечках. Каб праветрыць цяжкую галаву,Ён накінуў на плечы пыльнік I прамармытаў: «Пашпацырую з хвілюПа Сярэднявеччы».Ды там ніхто не зважаў на яго,Усе былі пры справе:Бартольд вынаходжваў порах,Калумб шукаў на мапе Амерыку...Звяздар павярнуў назад.Праходзячы ў садзе каля сажалкі,Ён хацеў убачыць у купальні Сузану,Ды ўбачыў толькі белага кухараI дзеўку, якая ля куратнікаАбскубвала на абед гуся.Ідучы ў задуме на ранішнюю мшу,Ён завярнуў да лаўкі антыквара I да вечара праседзеў там.Шукай налітру святога Лукаша,Гладзь эльзевіры й альдыны,Захутвай у чорны ядваб скрынкі.Венецыя, гледзячы на лагуны,Сплывае з караблямі ў далечыню.1954
КРУГІ
Прымружыўшы вочы, ён бачыў:Сядзелі ўздоўж далягляду,Густа, як восенню ластаўкі на дроце,I ўсё бліжэй, штораз меншыміКанцэнтрычнымі кругамі,Амфітэатрам —Нахіляліся наперад,Уражаныя, здзіўленыя,Глядзелі праз смарагдавае шклоНа яго, які быў усярэдзіне.I напятымі, бы масянжовыя струны,Поўнымі захаплення паглядамі Узнімалі яго ўгору,Высока-высока,Аж пакуль ён не павіс пад небам,Як Сымон СлупнікБез слупа.Аднак усё было зусім інакш:Сядзелі ўздоўж далягляду,Рэдка, бы кроплі на дроце ў слотны дзень,I ўсё бліжэй, штораз меншыміКанцэнтрычнымі кругамі,Амфітэатрам —З павернутымі да сярэдзіны спінамі,З тварамі, звернутымі да небакраю.I праз смарагдавае шклоРазглядалі сцёртыя ад ужытку дукаты,Чыталі біржавыя цэныАбо любоўныя пасланні.I ненапятыя,Танюткія павуціныЗамест струнаў паглядаўТак расслабаніліся і здалі,Што ён з вышыніПраваліўся пад зямлю.Як у вадзе тануў у ёй,Пакідаючы на роўнядзі кругі,I апускаўся на дно й глыбей,У жарало да Плутона,Дзе й захрас на самай апошняй мяжы,Выткнуўшыся галавою ў атвор,Які вёў на другі бок свету,У чорную ноч нябыту.А ўгары, уздоўж далягляду,Анёлы й д’яблы,Трымаючыся за рукі І высока выкідваючы ногі,Скакалі ў вар’яцкім карагодзе, Лопаючыся ад рогату.1954