Читать «Высокія дрэвы» онлайн - страница 32

Леапольд Стаф

РАСКА

У старым акінутым парку Я стаяў над стаўком, Пакрытым таўсматым кажухом раскі. Згадаўшы, Якой празрыстай была тут калісьці вада, Я вырашыў ачысціць яе, Падняў з зямлі дручок I пачаў зграбаць зялёную тхлань, Зганяючы яе ў сцёк. За гэтым заняткам Мяне заспеў мудрэц З чалом, захмураным думкаю, I сказаў з лагоднай усмешкай: «I не шкада табе часу; Кожная хвіля — кропля вечнасці. На свеце ёсць мноства болып важных справаў». I я адышоў, прысаромлены, I цэлы дзень думаў Пра жыццё й смерць, Пра Сакрата I неўміручасць душы, Пра піраміду й егіпецкую пшаніцу, Пра рымскі форум і месяц, Пра мамантаў і Эйфелеву вежу... Ды так ні да чога й не дадумаўся. Калі назаўтра Я вярнуўся на тое самае месца, Дык убачыў над стаўком, Пакрытым таўсматым, зялёным кажухом, Мудраца з праясненым чалом, Які спакойна, Кінутым мною дручком, Зграбаў з паверхні вады раску I зганяў яе да сцеку. Наўкол ціха шамрэлі дрэвы, У галлі спявалі птушкі. 1954

ДЫМЫ

Юльяну Тувіму

Над тлумам горада ў сутонні Дымы ўзнімаюцца заслонай, Ў крывавай пене сонца тоне, Злое, бы сэрца фараона. Зрабіўшы піраміды працы, Смыляць далоні ад спачыну, I без патрэбы угінацца Выпроствае гарбаты спіну. З календара лісток стамлёны Зляцеў. Спакоем хата цешыць. Насустрач з весніцаў зялёных У радасці сабака брэша. 1954

НАЗАЎТРА

Ад’ехаў прэч картэж юнацтва З вясновым тлумам і суцехай. Забраў з сабою смех і песні, А мне пакінуў толькі рэха. Настала ўласна тая хвіля, Калі світанак, чысты, боскі, Над мітуснёю распускае З бутона цемрадзі пялёсткі. I поўніць радасцю, хоць знаю, Што знікне цераз міг без знаку, I так спакойна мне, нібыта Я гладжу галаву сабаку. 1954