Читать «Воля на крыжы» онлайн - страница 10

Алесь Петрашкевіч

Рапапорт. Среди больших писателей и ученых, Костя.

Гей. Разумеется, Гриша.

Рапапорт (яшчэ раз чокаецца). Твое здоровье, секретарь!

Гей. Твое здоровье, ОГПУ!

Выпіваюць, закусваюць. З пакоя адпачынку з’яўляецца Стэнаграфістка.

Стэнаграфістка. Простите. Сколько экземпляров стенограммы беседы делать?..

Святло раптоўна гасне.

III

Купала ў сваім рабочым кабінеце за пісьмовым сталом. Толькі і не сядзіцца і не пішацца яму — туга і неспакой на душы. Папяросы не дапамагаюць. Уваходзіць Уладзіслава Францаўна.

Уладзіслава Францаўна. Яначка, да нас госць. Заходзь, Якубка, заходзь… А накурыў, — божачка! (Адкрывае фортку.)

Якуб Колас падае руку сябру.

Гарбаты ці… па кілішку? (Якубу.) Той самай адмысловай налівачкі?..

Якуб Колас (з сумам і роспаччу). Мне б, Уладка, воцату…

Уладзіслава Францаўна (здзіўлена). Чаго?!

Якуб Колас. Эсенцыі. Поўную кварту. Каб адразу захлынуцца…

Уладзіслава Францаўна (устрывожана). Што-небудзь сур’ёзнае ці дурныя жарты?..

Якуб Колас. Жарты, Уладка, жарты… Не ведаю толькі, ці смяяцца, ці плакаць…

Уладзіслава Францаўна. Такі нешта стрэслася?!

Якуб Колас. Стрэслася. I не дзіва — увесь горад у трасцы. Усю краіну калоціць. Толькі ты, Уладка, пакуль пагуляй — мы спачатку з Янкам пашэпчамся, а ён табе сам перакажа, як пара прыйдзе.

Уладзіслава Францаўна. Во часіны насталі! У Якуба ад Купаліхі сакрэты!..

Якуб Колас. Не крыўдуй, любая… палітыка тут…

Уладзіслава Францаўна. Тады і сапраўды гарбатай не адбудзеш… (Выходзіць.)

Янка Купала (запальвае новую папяросу ад дакуранай). Што-небудзь сапраўды?..

Якуб Колас. Максіма Гарэцкага ўзялі, і Грамыку, і Дубоўку, і Язэпа Пушчу, Бабарэку, Жылку, Чарнушэвіча, Алеся Гурло… Можа, і яшчэ каго… I ў мяне былі. (Вымае з-за пазухі паперкі.) Во гэта прынеслі… Загадалі сваёй рукой перапісаць, падпісаць і ім вярнуць. А то, маўляў, загрыміш разам з іншымі…

Уладзіслава Францаўна прыносіць графінчык і два кілішкі.

Уладзіслава Францаўна. Гэта табе, Якубка, заместа валяр’янкі. А то ты нейкі ўвесь натапыраны. (Хоча выйсці.)

Якуб Колас. Пачакай, Уладка! Прачытай нам вось гэта. (Перадае паперкі.) А то ад такога жанру ванітуе…

Уладзіслава Францаўна (бярэ паперкі, пачынае чытаць). «У шкоднай контррэвалюцыйнай рабоце, побач з актыўнейшымі прэдстаўнікамі беларускага нацыянал-дэмакратызму, прымаў удзел і я, падпаўшы пад уплыў нацыянал-дэмакратычных ідэй і настрояў…» (Нічога не разумее, здзіўлена глядзіць то на Якуба, то на Янку.)

Якуб Колас. Ты чытай, чытай далей…

Уладзіслава Францаўна (чытае далей). «Мая дзейнасць выразілася не толькі ў канкрэтнай рабоце ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі і ў Інстытуце беларускай культуры, але і ў маральным падтрыманні і адабрэнні тае работы, тых установак і тых ідэалагічных вывіхаў і контррэвалюцыйных праяў, што неўнікнёна, у сілу свае дробнабуржуазнае і кулацкае прыроды, нёс беларускі нацыянал-дэмакратызм…»

Я нешта не разумею, пра чые тут «вывіхі»?..

Якуб Колас. Ты, Уладка, чытай! Пра вывіхі я ў канцы патлумачу…

Уладзіслава Францаўна (чытае). «Адарваны ад жывых крыніц пралетарскіх мас, замкнёны ў цесным крузе нацыянал-дэмакратычнай інтэлігенцыі і атручаны нацыянал-дэмакратычным дурманам, я па-прымірэнцку і апартуністычна адносіўся да ўсіх яго праяў (ну і стыль!), ні разу не выступіўшы супраць іх ні вусна, ні ў друку, ні ў парадку пралетарскай самакрытыкі. (Кашмар нейкі!) Мая літаратурная дзейнасць, асабліва яе першы перыяд, выходзячы сваімі карэннямі з часоў «Нашай Нівы» і наскрозь прасякнутая дробнабуржуазнымі настроямі, таксама спрыяла росту і развіццю беларускага нацыянал-дэмакратызму…»